Пуцін захварэў каронавірусам?
Менск – Масква. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін паведаміў, што бліжэйшым часам яшчэ раз сустрэнецца з Лукашэнкам.
Пра гэта пішуць расейскія СМІ. Іх папярэдняя сустрэча адбылася 9 верасня. Тады былі ўзгодненыя ўсе 28 праграм па Саюзнай дзяржаве. Заяўлялася, што да канца году дакументы будуць падпісаныя. Аднак, вядома, што зараз Пуцін знаходзіцца ў самаізаляцыі. На гэта звярнуў увагу палітычны аналітык Валер Карбалевіч:
– Магчыма, што ён захварэў ковідам, хоць пра гэта і не кажуць расейскія афіцыйныя медыі. Не ведаю наколькі магчымая сустрэча Пуціна з Лукашэнкам. Тым больш, што Пуцін плануе прыехаць у Менск на саміт СНД 15-га кастрычніка, то бок літаральна праз тры тыдні.
Як паведамлялася, 24 верасня Аляксандар Лукашэнка вылецеў у расейскі горад Сочы з прыватным візітам. Услед за ім накіраваўся старшыня памежнага камітэту Беларусі Анатоль Лапо. Падрабязнасці знаходжання абодвух у Сочы дагэтуль невядомыя.
Беларускае Радыё Рацыя