Пуцін заявіў пра высылку 755 амерыканскіх дыпламатаў
Расею будуць змушаны пакінуць 755 супрацоўнікаў дыпламатычных місй ЗША, заявіў кіраўнік Расейскай федэрацыі Уладзімір Пуцін у інтэрв’ю дзяржаўнаму журналісту Уладзіміру Салаўёву на тэлеканале „Россия 1”.
Пуцін падкрэсліў, што гэты крок стаў адказам на „ничем не спровоцированные” санкцыі з боку ЗША.
У снежні 2016 года ў рамках санкцыйнага пакету супраць РФ улады ЗША забралі дзве загорадныя рэзідэнцыі расейскіх дыпламатаў у Нью-Ёрку і Мэрылэндзе. Акрамя гэтага Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвесціў персонамі нон-грата 35 расейскіх дыпламатаў. У заяве спікера Дзярждэпа Марка Тонера гаворыцца, што іх дзеянні „не адпавядалі дыпламатычнаму ці консульскаму статусу”.
У траўні 2017 года памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў заявіў, што Расея чакае вяртання расейскай уласнасці ў ЗША, і пагражаў мерамі ў адказ.
25 ліпеня Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША падтрымала законапраект пра новыя санкцыі ў дачыненні Расеі, Ірана і Паўночнай Карэі. 27 ліпеня яго ўхваліў Сенат ЗША. 28 ліпеня дакумент паступіў у Белы дом.
У адказ на новыя санкцыі ЗША Расея адабрала амерыканскую дыпламатычную ўласнасць у Маскве і запатрабавала скараціць колькасць амерыканскіх дыпламатаў у РФ да 455 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя