Пуцін збіраецца ў Беларусь
Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін 25-га лютага наведае Менск для ўдзелу ў пасяджэнні вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы.
Па меркаванні кіраўніка Руху „За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, візіт праходзіць у час, калі Расея не адмовілася ад сваёй агрэсіўнай ды неаімперскай палітыкі ва Украіне і Сірыі. І безумоўна, той дыялог, які зараз Беларусь пачала весці з краінамі дэмакратычнага Захаду, непакоіць Крэмль. Улады Расеі хацелі б спыніць паляпшэнне адносінаў і супрацоўніцтва Беларусі з Еўропай:
– Пуцін будзе шантажаваць Лукашэнку, будзе казаць, што грошы, якія так неабходныя беларускай эканоміцы, будуць дадзеныя толькі ў выпадку… І тут пытанне, што ён скажа. Магчыма, прыватызацыя за малыя кошты некаторых прадпрыемстваў ці тая ж авіябаза. І будзе ісці гандаль. Я маю надзею, што Лукашэнка разумее, што ўступкі Пуціну, асабліва ў галіне ваеннага супрацоўніцтва, могуць вельмі кепска скончыцца для аднаўлення адносін з ЕЗ.
Выклікае занепакоенасць тое, ці хопіць сіл у беларускіх уладаў, каб супрацьстаяць гэтым памкненням Крамля? Гэта залежыць ад стану эканомікі. Бо калі эканоміка развальваецца, а гэта відавочна, – то вялікай моцы ў беларускага рэжыму няма, — лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ПРОВЭД.РФ