«Пуцінавірус у спорце»



Ці перадаюцца вірусы праз поціск рукі? Адназначна – так! Асабліва пуцінавірус. Пра гэта добра вядома украінскім спартсменам, прынамсі, фехтавальнікам. Нават пад нейтральным сцягам вірус можа даць ускладненні і прывесці да непажаданых наступстваў. Сярод галоўных сімптомаў – агрэсіўнасць, скажэнне рэальнасці і памутненне свядомасці. Сапраўды, чаму спартсмены, якія прадстаўляюць дзяржаву-тэрарыст, бяруць удзел у чэмпіянаце свету?

Пуцін

Чаму Міжнародная федэрацыя фехтавання і Міжнародны алімпійскі камітэт дапускаюць магчымасць правакацый? Хаця яны за некалькі дзён перагледзелі свае ж рашэнні і дапусцілі ўкраінку Харлан пасля дыскваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў-2024. На гэта тут жа адрэагаваў вядомы баксёр, дэпутат Дзяржаўнай думы РФ і бясспрэчны інтэлектуал Мікалай Валуеў, назваўшы такое рашэнне „выбарачнай дыпламатыяй”. А Украіна папярэдзіла арганізатараў чэмпіянату аб тым, што поціскаў рукі з «нейтральнымі» супернікамі з Расіі не будзе.

Украінскі бок можа толькі прадэманстраваць «салют» (скрыжаванне клінкоў на выцягнутай руцэ) пасля заканчэння паядынку. Але менавіта гэта і ўзвар’явала прадстаўнікоў РФ: украінка накіравала на суперніцу шаблю, а гэта – зброя, якую можна выкарыстоўваць толькі падчас паядынку, і недапушчальна ў паўзах, калі супернік падняў або зняў маску. Інцыдэнт павінен быць вычарпаны, калі б не з’явіліся новыя абставіны: расіянка Смірнова асабіста падпісала дэкларацыю аб нейтральнасці з Міжнароднай федэрацыяй фехтавання і парушыла некаторыя пункты.

Калі сцісла: спаборнічаць могуць тыя спартоўцы, хто не дзейнічаў насуперак міратворчай місіі Алімпійскага руху, падтрымліваючы вайну ва Ўкраіне; хто не рабіў публічных заяў, у тым ліку ў сацсетках, з дэманстрацыяй якой-небудзь сімволікі, якая падтрымлівае вайну ва Ўкраіне, напрыклад, знака «Z». Якраз у сацсетках расійская спартсменка актыўна падтрымлівае вайну, мае брата-вайскоўца, а таксама публікуе фота ў ваенных галаўных уборах. 

Дык усё ж, што робіць на міжнародных спаборніцтвах паненка з кукардай, інфікаваная пуцінавірусам? Ці не за гарамі новая пандэмія ў спорце?

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя