Пяскоў анансаваў „вельмі працяглыя перамовы” Пуціна і Лукашэнкі



Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка правядуць сустрэчу 22 лютага, чакаюцца працяглыя перамовы. Пра гэта заявіў журналістам у чацвер прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, паведамляе ТАСС.

„Сустрэча будзе на наступным тыдні, яна будзе 22 лютага.  Можна чакаць вельмі працяглыя перамовы”, – сказаў прадстаўнік Крамля.

Паводле яго слоў, у парадку дня перамоваў, у прыватнасці, двухбаковыя адносіны і абмен думкамі па міжнароднай праблематыцы. „[Лукашэнку] напэўна ёсць пра што праінфармаваць расейскага прэзідэнта, так як толькі што завяршыўся Усебеларускі народны сход”, – дадаў прадстаўнік Крамля.

Лукашэнка ў чацвер паведаміў пра планы сустрэцца з Пуціным „на пачатку 20-х чыслаў лютага”. Пры гэтым ён запэўніў, што не едзе ў Расею „чагосьці прасіць”. Ён таксама заявіў аб дамоўленасці сустрэцца з намеснікам старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыем Мядзведзевым. 

Паводле слоў Лукашэнкі, у ходзе сустрэчы плануецца абмеркаваць, у прыватнасці, „забеспячэнне абароны, бяспекі <…> дзяржавы”.

Фота: ТАСС