Пяскоў: Лукашэнка не даваў Пуціну абяцанняў наконт канстытуцыйнай рэформы
Аляксандр Лукашэнка не даваў ніякіх абяцанняў Уладзіміру Пуціну адносна канстытуцыйнай рэформы, заявіў журналістам 22 сакавіка ў Маскве прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.
„У іх былі абмеркаванні, — цытуе ТАСС прадстаўніка Крамля. — Там гаворка ідзе не пра абяцанні, гаворка ідзе пра тое, што прэзідэнт Лукашэнка інфармаваў прэзідэнта Пуціна аб далейшых планах, у тым ліку і планах па канстытуцыйнай рэформе”.
Пяскоў падкрэсліў, што „тут не можа ісці гаворкі пра тое, каб хтосьці камусьці нешта абяцаў”. „Гэта ўнутраная справа Беларусі”, — акрэсліў прэс-сакратар Пуціна стаўленне Масквы да рэформы беларускай Канстытуцыі.
19 сакавіка падчас візіту на гродзенскае прадпрыемства „Малочны свет” Лукашэнка заявіў, што не абяцаў Пуціну правесці канстытуцыйную рэформу.
„Апошнім часам, калі пайшла канстытуцыйная рэформа, [канстытуцыйная] камісія працуе, усе пачалі там папісваць: Лукашэнка паабяцаў Пуціну канстытуцыйную рэформу. Я ніколі нікому нічога не абяцаў, акрамя вось вас — уласнага народа. Якое дачыненне мае Расія да канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі? Ніколі гэтая тэма не закраналася, акрамя як у агульных рысах”, — заявіў ён.
Як сцвярджае Лукашэнка, кіраўнік РФ проста цікавіўся яго планамі і думкамі на гэты конт. „Натуральна, ні пра які транзіт улады, як гэта ў Расеі кажуць… Транзіт улады адзін: выбары, народ выбраў. Усё. Ніякіх дзяцей, сваякоў. Я проста клянуся, гэтага ніколі не будзе. Мае дзеці пасля мяне не будуць прэзідэнтамі, я ўжо пра гэта казаў. Старэйшы сын наогул пакінуў дзяржслужбу”, — заявіў ён.
Як паведамлялася, у склад канстытуцыйнай камісіі, якую ўзначаліў старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, увайшло 36 прадстаўнікоў розных сфер. Намеснікамі старшыні камісіі прызначаныя кіраўнікі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і Савета Рэспублікі — Наталля Качанава.
Камісія павінна да 1 жніўня падаць Лукашэнку прапановы аб змене Асноўнага закона для іх наступнага вынясення на рэферэндум.
Падчас візіту ў Гародню Лукашэнка заявіў, што лічыць годнымі кандыдатамі на прэзідэнцкую пасаду былога міністра ўнутраных спраў, свайго памочніка па Гарадзенскай вобласці Юрыя Караева (хоць той не нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі) і былога міністра аховы здароўя, старшыню Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка.