Пяскоў: Лукашэнка не ўзгадняў з Крамлём заяву аб перакрыцці газу
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Аляксандр Лукашэнка не ўзгадняў з Расеяй свае пагрозы перакрыць пастаўкі газу ў Еўропу. Ён падкрэсліў, што РФ была, ёсць і будзе краінай, якая выконвае свае абавязацельствы па пастаўках паліва, паведамляе „РІА Навіны”. Пяскоў таксама падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца суверэннай дзяржавай.

Аляксандр Лукашэнка ўчора на нарадзе з урадам у кантэксце адказу на магчымы пяты пакет санкцый прыгразіў перакрыццем газавага транзіту.
«Мы сёння павялічылі праз Беларусь прапампоўку газу, запоўнены „Ямал-Еўропа”. Мы абаграваем Еўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што зачыняць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамендаваў думаць перш, чым казаць», – сказаў ён.
