Пяскоў: Ні пра якія кантакты Масквы з Каардынацыйнай радай не можа быць і гаворкі



Афіцыйная Масква не будзе кантактаваць з Каардынацыйнай радай па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, заявіў журналістам 8 верасня ў Маскве прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

„Не, кантактаў [з афіцыйнай Масквой] у іх не было, — цытуе прадстаўніка Крамля ТАСС. — Рашэннем Канстытуцыйнага суда [Беларусі] самаабвешчаны орган (Каардынацыйная рада. — БелаПАН.) быў прызнаны незаконным, неканстытуцыйным. Таму, вядома, у гэтым выпадку ні пра якія кантакты гаворкі быць не можа”.

Напярэдадні член прэзідыума Каардынацыйнай рады, былы чыноўнік, дыпламат і гендырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка на прэс-канферэнцыі ў Варшаве заявіў, што рада „плануе падтрымліваць кантакты з Еўрапейскім звязам і будзе ініцыяваць кантакты з Расеяй і ЗША”.

„Найбліжэйшымі днямі я планую наведаць шэраг краін Еўрапейскага звяза, дзе таксама запланаваныя сустрэчы на вышэйшым і высокім узроўні, для таго каб з першых вуснаў праінфармаваць аб тым, што адбываецца ў Беларусі, праінфармаваць аб нашых прапановах па выйсці з крызіснай сітуацыі, якая склалася, і пачуць меркаванні нашых еўрапейскіх партнёраў на гэты конт, — сказаў Латушка. — Але гэта не азначае, што мы адмаўляемся ад кантактаў з іншымі суседзямі. Мы таксама прапрацоўваем і прапануем нашым расейскім партнёрам уступіць у дыялог з Каардынацыйнай радай, якая прадстаўляе меркаванні і падыходы большасці грамадзян Беларусі сёння. Такія дзеянні мы будзем рабіць”.

Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне была створаная з ініцыятывы кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці рады распачатая справа на падставе арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Цяпер некаторыя члены рады знаходзяцца ў зняволенні, некаторыя — былі вымушаныя выехаць з Беларусі, баючыся за сваё жыццё і свабоду.

belapan.by