Пяскоў: Пуцін і Байдэн абмяркоўвалі тэму спробы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі



Прэзідэнты Расеі і ЗША Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн у тэлефоннай размове абмяркоўвалі спробу дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. Пра гэта, як паведамляе РІА Новости, заявіў 19 красавіка журналістам прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Пуцін у гутарцы з амерыканскім калегам узняў пытанне аб падрыхтоўцы спецслужбамі ЗША замаху на кіраўніка беларускай дзяржавы, але адказаў не было.

На пытанне журналістаў, ці можа ён пацвердзіць, што гэтая тэма падымалася ў размове Пуціна з Байдэнам, Пяскоў адказаў: „Так, магу”.

17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў аб затрыманні групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. „Мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў, хутчэй за ўсё, Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне з’явіцца ў Менск і ўжо заняцца арганізацыяй замаху на жыццё прэзідэнта і дзяцей”, — сказаў Лукашэнка падчас падыходу да пулу сваіх журналістаў на суботніку.

Лукашэнка паведаміў, што ўлады па „каналах адпаведных папярэдзілі і Расею, і іншых, каб былі ў тэме, не дай бог, адказ будзе вельмі жорсткі”.

„Мы іх захапілі ў Маскве, яны пабаяліся [прыехаць у Менск]. З ЗША прыляцелі — агентура. Прозвішча яго — нейкі Зянковіч (адвакат Юрый Зянковіч. — БелаПАН.). Яны пабаяліся сюды ехаць пасля таго, як мы затрымалі некалькі груп, якія сюды зброю звезлі, ужо ў тайнікі схавалі. Яны з’ехалі ў Маскву. І хто там яшчэ? Наш быў гэты — Фядута (паліттэхнолаг, першы прэс-сакратар Лукашэнкі Аляксандр Фядута. — БелаПАН.). Потым сталі шырэй глядзець: Кастусёў (Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ. — БелаПАН.) з’явіўся там”, — сказаў Лукашэнка.

У гэты ж дзень ФСБ Расеі паведаміла, што затрыманыя ў Маскве беларускі палітолаг Аляксандр Фядута і амерыканскі адвакат беларускага паходжання Юрый Зянковіч планавалі вайсковы пераварот у Беларусі і фізічную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі. Сцвярджалася, што ў расейскую сталіцу Зянковіч прыбыў „пасля праведзеных кансультацый у ЗША і Польшчы”.

18 красавіка начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у эфіры тэлеканала ОНТ заявіў, што затрыманым па справе аб узброеным мяцяжы і замаху на Лукашэнку і яго сям’ю пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

„Распачатая крымінальная справа на падставе арт. 357 КК — гэта змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Такіх спраў у гісторыі суверэннай Беларусі не было. Санкцыя часткі першай гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў”, — сказаў Бычак.

Ён сцвярджае, што затрыманыя па справе супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні. КДБ падрыхтаваў „запыты ў кампетэнтныя ўстановы юстыцыі замежных дзяржаў аб аказанні прававой дапамогі пры расследаванні гэтай крымінальнай справы”.

Варшава і Вашынгтон абверглі сцвярджэнне ФСБ Расеі пра датычнасць да падрыхтоўкі замаху на Аляксандра Лукашэнку.

belapan.by