Пяскоў: Пуцін і Лукашэнка абмяркуюць розныя спрэчныя пытанні



Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перамовах у Санкт-Пецярбургу 3 красавіка абмяркуюць „розныя спрэчныя пытанні”, паведаміў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў журналістам 3 красавіка ў Маскве.

Паводле яго слоў, сустрэча пройдзе ў Канстанцінаўскім палацы. „Перамовы чаканыя, гэта будзе сустрэча адзін на адзін. Пры неабходнасці з абодвух бакоў будуць прысутнічаць міністры па профільных пытаннях. Будуць абмеркаваны бягучыя моманты двухбаковых адносін, гандлёва-эканамічных, ну і, вядома, розныя спрэчныя пытанні, звязаныя і з цаной на газ, і з запазычанасцю, і гэтак далей… Таму перамовы будуць досыць сур`ёзныя і дэталёвыя”, — цытуе Пяскова РІА Новости.

Раней прэс-служба беларускага прэзідэнта паведамляла, што „кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць шырокі комплекс пытанняў развіцця двухбаковых беларуска-расійскіх адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, праблематыку, якая ёсць у гэтых сферах, а таксама ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах”.

„Актуальныя пытанні расійска-беларускіх саюзніцкіх адносін напярэдадні сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам” абмяркоўваліся 31 сакавіка на нарадзе, якую Уладзімір Пуцін правёў з членамі Савета бяспекі РФ, паведамляла прэс-служба Крамля.

Напярэдадні, 30 сакавіка, у падмаскоўных Горках прайшлі перамовы прэм’ер-міністраў Беларусі Андрэя Кабякова і Расеі Дзмітрыя Мядзведзева. Пасля сустрэчы міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак заявіў, што Расея і Беларусь не змаглі дамовіцца пра ўрэгуляванне газавай спрэчкі, бо беларускі бок не гатовы пагасіць доўг за газ, які складае 700 млн даляраў, без новых прэферэнцый.

У адказ прэс-сакратар Кабякова Уладзіслаў Сычэвіч 31 сакавіка заявіў, што беларускі бок лічыць такую пазіцыю неканструктыўнай. „Што тычыцца заяваў кіраўніка Мінэнерга Аляксандра Новака пра негатоўнасць Беларусі пагасіць так званы доўг перад Расеяй за газ, то беларускі бок не разглядае гэтыя сродкі ў якасці доўгу”, — падкрэсліў Сычэвіч.

Перамовы паміж Масквой і Менскам аб умовах урэгулявання нафтагазавай спрэчкі доўжацца каля года. Беларускія ўлады настойваюць на тым, што кошт расейскага газу ў даляравым эквіваленце павінен быць зніжаны, з чым не згодны расейскі бок. З другой паловы 2016 года, рэагуючы на нявыплату Беларуссю ў поўным аб’ёме кошту газу, расейскі ўрад прыняў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў краіну. Згодна з дзейнымі пагадненнямі, Расея павінна была паставіць у Беларусь за год 23 млн тон нафты, аднак па яго выніках імпарт нафты скараціўся на 20,8%. 3 сакавіка стала вядома, што „Газпром” павысіў цану на газ для Беларусі на 6,81% да 141,1 даляра за тысячу кубаметраў.

belapan.by