Пяскоў: Пуцін задаволены вынікамі працы Бабіча
Уладзімір Пуцін задаволены вынікамі працы Міхаіла Бабіча на пасадзе амбасадара Расеі ў Беларусі, заявіў журналістам 6 траўня ў Маскве прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.
Пяскоў назваў адкліканне Бабіча з Менска кадравым рашэннем прэзідэнта РФ, „якое прымаецца ў адпаведнасці з мэтазгоднасцю”. „У дадзеным выпадку гэта рашэнне кіраўніка дзяржавы. Вы ведаеце, што паслы прызначаюцца і вызваляюцца ад пасад згодна з ўказам прэзідэнта”, — цытуе прэс-сакратара Пуціна РІА Новости.
Паводле яго слоў, Бабіч прапрацаваў у Беларусі „нядоўга, але, тым не менш, за непрацяглы тэрмін досыць шмат было зроблена”. „Вы ведаеце, што незалежна ад пэўных працэсаў адносіны паміж Расеяй і Беларуссю захоўваюць свой саюзніцкі характар. Саюзная дзяржава — гэта асаблівае вымярэнне, якое дамінуе ў двухбаковых адносінах паміж Масквой і Менскам”, — сказаў Пяскоў у адказ на пытанне журналістаў пра матывацыю рашэння адносна Бабіча.
Адказваючы на пытанне пра магчымае прызначэнне Бабіча на пасаду дарадцы прэзідэнта РФ на Данбасе, Пяскоў нагадаў, што ў Крамлі не анансуюць кадравыя рашэнні прэзідэнта. „У выпадку і ў той час, калі такія рашэнні будуць зробленыя, будуць падпісаныя адпаведныя ўказы прэзідэнта, мы неадкладна вас праінфармуем”, — дадаў ён.
30 красавіка ўказам Уладзіміра Пуціна Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад абавязкаў амбасадара Расеі ў Беларусі, а таксама ад пасады спецыяльнага прадствўніка прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Абгрунтаванне — „ў сувязі з пераходам на іншую працу”, паведаміла прэс-служба Крамля.
Новым амбасадарам прызначаны член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расеі Дзмітрый Мезенцаў. Пра гэтым ён не прызначаны спецпрадстаўніком Пуціна па развіцці гандлёва-эканамічных адносінаў з Беларуссю.
Адстаўка Бабіча, сцвярджаюць крыніцы газеты „КоммерсантЪ”, стала вынікам неаднаразовых просьбаў Аляксандра Лукашэнкі, якія той адрасаваў асабіста Пуціну. Апошняя размова адбылася ў Пекіне, дзе Лукашэнка нібыта запэўніў расійскага калегу ў тым, што гатовы пачаць інтэграцыю, якая даўно абмяркоўваецца, але зноў папрасіў адклікаць Бабіча. „Пуцін пагадзіўся, даў Лукашэнку год, паабяцаўшы не ўмешвацца ва ўнутраны беларускі парадак дня”, — сцвярджае крыніца. Пры гэтым адкліканне „не варта лічыць санкцыяй” у дачыненні да Бабіча — яму можа быць прапанаваная „іншая праца”.
У сакавіку і красавіку гэтага года Бабіч і беларускае МЗС абменьваліся рэзкімі выпадамі ў сувязі з рознымі публічнымі падыходамі да ацэнкі двухбаковых адносінаў. 20 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не будзе каментаваць апошнія выказванні пасла. „Няправільна будзе, калі я буду каментаваць, хоць маю сваё меркаванне. Пасол Расеі — гэта прадстаўнік прэзідэнта Расейскай Федэрацыі — майго добрага сябра (ён яго рэкамендаваў сюды). І гэта прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі. Яны разбяруцца там з гэтым паслом. Я абсалютна ўпэўнены”, — сказаў Лукашэнка.