Пяскоў: У Крамлі звярнулі ўвагу на лексіку Лукашэнкі



У Крамлі лічаць непарушнай узаемавыгаднасць саюзнага супрацоўніцтва Расеі і Беларусі, але звярнулі ўвагу на лексіку Аляксандра Лукашэнкі, заявіў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, перадае РІА Новости.

Размаўляючы з журналістамі пасля галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 17 лістапада, Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне, якое тычыцца інтэграцыі з Расеяй.

„Калі ты ўступаеш у нейкае аб’яднанне, разлічваеш, што з кожным месяцам, з кожным годам будзе лепш, — сказаў ён. — А што адбываецца ў нас? Нам кожны год падсоўваюць новыя ўмовы. І ў выніку мы пастаянна ў эканоміцы нешта губляем. Выбачайце, на храна патрэбен каму такі саюз? Я ўжо размаўляю па-вясковаму, па-сялянску, па-мужыцку. Вось наша пазіцыя. Пра гэта ведае прэзідэнт Расеі. Мы з ім сябры. Я яму адкрыта гэта магу сказаць, ды яшчэ вастрэй. І ён мне можа сказаць. Што ж гэта за саюз, калі мы з кожным годам губляем і ўмовы пагаршаюцца? Гэта ненармальна. Мы патрабуем, як некалі мы дамаўляліся, роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання”.

Пяскоў зазначыў, што ў дадзеным выпадку Лукашэнка задаўся гіпатэтычным пытаннем пра мэтазгоднасць саюза Масквы і Менска, пра тое, „што, калі гэты саюз не адпавядае інтарэсам Беларусі”.

„Але мы па-ранейшаму паслядоўна зыходзім з таго, што ў дадзеным выпадку ўзаемавыгаднасць гэтага саюза, узаемавыгаднасць саюзнай дзяржавы з’яўляецца абсалютна непарушнай”, — сказаў ён, адказваючы на пытанне, як у Крамлі ацэньваюць выказванне Лукашэнкі.

На дадатковае пытанне, ці звярнулі ў Крамлі ўвагу на эмацыянальнасць і падбор лексікі заявы Лукашэнкі, Пяскоў сказаў: „Безумоўна, вядома, звярнулі”.

Варта зазначыць, што напярэдадні беларускі кіраўнік таксама падкрэсліў, што не падпіша ні адзін дакумент па інтэграцыі з Расеяй, калі ён будзе супярэчыць Канстытуцыі і фундаментальным прынцыпам беларускага грамадства. „Не „парцеся” ў гэтым кірунку, я не меншы патрыёт, чым вы, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Самы галоўны прынцып — суверэнітэт і незалежнасць нашага грамадства. Не трэба ніякай канспіралогіі. Усе вядзецца адкрыта, і апошні раз прэм’ер-міністр сказаў (гэта выпрацаваная пазіцыя): калі не будуць вырашаныя нашы прынцыповыя пытанні па пастаўках вуглевадародаў, па адкрыцці рынкаў для нашых вытворцаў як след, зняцці бар’ераў, ніякія дарожныя карты не будуць падпісаныя”.

Паводле яго слоў, Беларусь „не хоча быць нахлебнікам” і настойвае на роўных умовах для ўсіх суб’ектаў гаспадарання.

belapan.by