Пяскоў: Візіт Лукашэнкі ў Маскву можна чакаць найбліжэйшымі днямі
Падрыхтоўка візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву знаходзіцца „ў актыўнай стадыі”, паведаміў журналістам 7 верасня прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.
„У цэлым, сапраўды, яго можна чакаць найбліжэйшымі днямі”, — цытуе Пяскова РБК.
Пра тое, што сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным адбудзецца ў Маскве „ў найбліжэйшыя два тыдні”, Пяскоў паведаміў журналістам 31 жніўня.
„Тэрміны ўзгадняюцца, але два прэзідэнты ўчора дамовіліся, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя тыдні, — цытаваў прадстаўніка Крамля ТАСС. — Адпаведна, на працягу пары тыдняў дакладна сустрэча адбудзецца”.
30 жніўня падчас тэлефоннай размовы Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі, як паведаміў тэлеграм-канал „Пул Першага”, „самыя актуальныя на сённяшні дзень пытанні, у тым ліку двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама сітуацыю ўнутры і вакол Беларусі”.
У сваю чаргу прэс-служба Крамля паведаміла, што падчас тэлефоннай размовы „пацверджаны ўзаемны настрой на далейшае ўмацаванне расейска-беларускага саюзніцтва і пашырэнне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва па ўсіх кірунках”.