Пятрас Аўштравічус: Трэба рыхтавацца да сустрэч больш сумленна (абноўлена)



Дэпутаты Еўрапарламенту адмовіліся сустрэцца з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, патлумачыўшы гэта тым, што беларускі бок змяніў месца сустрэчы. У праграме візіту такім месцам значыўся Дом ураду, а не Палата прадстаўнікоў, якая прызнана ў Еўразвязе нелегітымнай.

Аднак дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі, у сваю чаргу, лічыць гэта толькі адгаворкамі. «Хай гэта застаецца на іх сумленні. Усё было дамоўлена, згода была дасягнутая, сустрэча планавалася, і яны ехалі на гэтую запланаваную сустрэчу. Што там у іх здарылася – хай яны самі разбіраюцца», – кажа Валер Варанецкі:

– Я хачу падкрэсліць, што апошнія тры гады я працаваў з дэлегацыяй Еўрапейскага парламента. І мае калегі, і дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю прыязджалі спакойна ў Беларусь, прыходзілі ў парламент, сустракаліся з намі. Мы абмяркоўвалі розныя пытанні, у тым ліку пытанні зніжкі  коштаў на візы. І гэта знайшло нейкі добры працяг, таму што яны забяспечылі тое, каб усё ж такі  ў Еўрапарламенце прагаласавалі, каб кошты на візы для беларускіх грамадзянаў знізілі.

Валер Варанецкі нагадвае, што канструктыўнае супрацоўніцтва раней было. «А як цяперашні Еўрапарламент збіраецца з намі супрацоўнічаць, калі яны не могуць вырашыць для сябе простае пытанне – сустрэцца са сваімі калегамі? Хай яны думаюць, таму што гэта пытанне для іх, а не для нас», – лічыць Валер Варанецкі.

***

Дэпутаты Еўрапарламента адмовіліся наведаць Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, таму што яна не прызнаецца легітымнай.

Па словах пастаяннага дакладчыка Еўрапарламента па Беларусі Пятраса Аўштравічуса, адмена сустрэчы адбылася таму, што беларускі бок змяніў яе раней запланаванае месца. У праграме візіту сустрэча была запланаваная ў Доме ўраду, а не ў Палаце прадстаўнікоў:

– А калі хто-небудзь задумаў змяняць месца і спосаб арганізацыі гэтай сустрэчы, гэта, як гаворыцца, на плячах не гасцей, а тых, хто арганізуе гэтыя сустрэчы. Не думаю, што такія інтэрпрэтацыі вядуць да лепшага, мы мелі намер сустрэцца, паразмаўляць з прадстаўнікамі Нацыянальнай асамблеі, але, напэўна, яны яшчэ не гатовыя да такой сустрэчы.

Той факт, што мы прыехалі ў Менск, паказвае наш інтарэс даведацца больш, сустрэцца і паразмаўляць, можа быць і не дамовіцца.

Таму нельга выхопліваць адзін гэты факт адмены сустрэчы і рабіць з яго нейкія стратэгічныя высновы. Але і партнёрам у Менску трэба рыхтавацца да такіх сустрэчаў больш сумленна, – сказаў Пятрас Аўштравічус. Разам з тым еўрадэпутат не выключыў, што размова з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў можа ўсё ж такі адбыцца, але толькі не ў памяшканні Палаты прадстаўнікоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА, БелаПАН