Пятро Парашэнка: У Беларусі няма сваёй пазіцыі адносна Крыма
Беларусь павінна выпрацаваць сваю пазіцыю адносна Крыма, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка па прыбыцці на сустрэчу лідэраў Еўрапейскай народнай партыі ў Рызе.
Украінскага лідара папрасілі пракаментаваць інфармацыю пра тое, што Беларусь і Арменія адмовіліся падпісаць дэкларацыю саміту “Усходняга партнёрства” з-за фразы пра „незаконную анексіі Крыма Расеяй”.
„Думаю, што сітуацыя з анексіяй Крыма з’яўляецца прызнанай усім светам, – сказаў Парашэнка. – Беларусь павінна выпрацаваць сваю пазіцыю. Калі яна досыць нерашучая, то гэта праблема Беларусі, а не Еўразвяза і Украіны”.
Раней прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык растлумачыў, што Менск выступае за неканфрантацыйны характар “Усходняга партнёрства”. „Праца над тэкстам дэкларацыі працягваецца. Што тычыцца пазіцыі Беларусі, то яна добра вядомая”, – заявіў Мірончык.
Саміт “Усходняга партнёрства” пачаўся ў Рызе нефармальнай вячэрай кіраўнікоў дэлегацый і працягнецца сёння. Па яго выніках плануецца прыняцце сумеснай дэкларацыі. Беларусь на саміце прадстаўляе міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ru.tsn.ua