Пятро Парашэнка выступіў са штогадовым зваротам



Прэзідэнт Пятро Парашэнка выступіў з традыцыйным штогадовым зваротам да Вярхоўнай Рады і народу Украіны.

Пётр Парашэнка

Больш падрабязна раскажа наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Выступ Пятра Парашэнкі прагучаў даволі аптымістычна. „Вайна – гэта не наш выбар. Але сёння нам ёсць чым абараняць Радзіму. На нашых усходніх межах мы спынілі самую моцную армію кантынента. Супраць нас ваююць рэгулярныя часткі Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі”, – падкрэсліў украінскі прэзідэнт. Пры гэтым ён заявіў, што шырокамасштабная агрэсія Расейскай Федэрацыі можа пачацца ў кожны момант, але ўвядзенне вайсковага стану пакуль не плануецца.

„У зоне збройнага канфлікту на ўсходзе Украіны знаходзіцца больш за 50 000 украінскіх вайскоўцаў”, – заявіў Пятро Парашэнка. Ён нагадаў, што агульная колькасьць Узброеных сіл Украіны павялічана да 250 000 жаўнераў.

Безумоўныя ўкраінскія дасягненні, паводле Пятра Парашэнкі – люстрацыя ў судзебным корпусе, пачатак рэформаў у міліцыі, праца Генпракуратуры Украіны, а таксама супрацоўніцтва валанцёраў і Міністэрства абароны.

Украінскі прэзідэнт назваў і першапачатковыя прыярытэты. Гэта барацьба з карупцыяй, індэксацыя зарплат і пенсій, дэалігархізацыя, а таксама стварэнне электроннай сістэмы кіравання.

Перад выступам прэзідэнта ў Вярхоўнай Радзе адбыўся невялікі скандал. Звяртаючыся да „Блока Пятра Парашэнкі”, пазафракцыйны дэпутат Уладзімір Парасюк прапанаваў прэзідэнту выбар: „ці ягоная фабрыка „Roshen” у расейскім Ліпецку, ці краіна Украіна”.

Беларускага Радыё Рацыя, Марцін Война, Украіна

Фота president.gov.ua