Пяць вобласцяў Украіны засталіся цалком або часткова без святла ў выніку абстрэлаў
У выніку расейскіх абстрэлаў некалькі ўкраінскіх рэгіёнаў засталіся без святла, паведаміў намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Кірыл Цімашэнка.

Ён адзначыў, што цяпер ратавальнікі тушаць пажар у Харкаве, у які трапілі дзве ракеты.
„Энергетыкі працуюць над аднаўленнем працы сістэм крытычнай інфраструктуры, каб электрычнасць з’явілася ў шпіталях і іншых жыццёва важных аб’ектах як мага хутчэй. Пакуль без электрычнасці застаюцца шэраг рэгіёнаў: Харкаўская, Сумская, Палтаўская, Днепрапятроўская, часткова Данецкая”, — сказаў ён.
Цімашэнка папярэдзіў, што адключэнні электрычнасці магчымыя па ўсёй краіне. Пазней ён заявіў пра аднаўленне энергазабеспячэння ў Сумскай і Днепрапятроўскай абласцях.
