Пяць краін далучыліся да трэцяга пакета санкцый ЕЗ у дачыненні да Беларусі
Да трэцяга пакета санкцый Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі далучыліся пяць краін — партнёраў ЕЗ. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай 15 студзеня на сайце Савета Еўразвяза.
„Краіны-кандыдаты: Албанія, Паўночная Македонія і Чарнагорыя, а таксама дзяржавы еўрапейскай зоны свабоднага гандлю — Ісландыя і Нарвегія — далучыліся да пастановы Савета ЕС аб увядзенні санкцый. Яны забяспечаць адпаведнасць сваёй нацыянальнай палітыкі гэтаму рашэнню савета. Еўрапейскі саюз прымае да ведама гэта абавязацельства і вітае яго”, — адзначаецца ў заяве.
Раней гэтыя краіны падтрымалі першы і другі пакет санкцый у дачыненні да ўладаў Беларусі, якія ўводзіліся ў кастрычніку—лістападзе 2020 года.
17 снежня Еўрасаюз прыняў трэці пакет санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму. Яго адрозненне ў тым, што санкцыі распаўсюджваюцца не толькі на чыноўнікаў, але і на бізнесменаў, юрыдычныя асобы — прадпрыемствы і фірмы.
Абмежавальныя меры ўведзеныя ў дачыненні да 29 фізічных і сямі юрыдычных асоб. Пад санкцыі трапілі Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі, ЗАТ „Белтэхэкспарт”, „Дана холдынгз/Дана Астра”, ТАА „Сінезіс”, ААТ „Агат”, ААТ „140 рамонтны завод”, ААТ „Мінскі завод колавых цягачоў”. Акрамя прадстаўнікоў улады ў санкцыйны спіс уключаныя бізнесмены, якіх лічаць набліжанымі да Лукашэнкі, — Аляксандр Шакуцін (старшыня савета дырэктараў ААТ „Амкадор”) і Мікалай Варабей.
Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд у ЕС і замарожванне рахункаў як фізічных, так і юрыдычных асоб. Акрамя таго, рэзідэнтам ЕС прама або апасродкавана забаронена даваць доступ да фінансавых сродкаў і супрацоўнічаць з бізнесам, унесеным у санкцыйны спіс.
12 студзеня Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду прыняць меры ў адказ. Падчас даклада віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава і міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка ён заявіў: „Пара-тройка нашых прадпрыемстваў трапілі пад так званыя бандыцкія санкцыі з боку Захаду. Задача ўрада — вы павінны сіметрычна адказаць на гэта. Яны ўвялі супраць нашых прадпрыемстваў санкцыі, мы павінны паглядзець, якія краіны гэта зрабілі, і мы павінны адпаведным чынам адрэагаваць”.
Прымаючы 15 студзеня з дакладам старшыню праўлення Нацбанка Паўла Калаура і свайго памочніка Валерыя Бельскага, Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна навучыцца супрацьстаяць заходнім санкцыям. „Усякага роду санкцыйны націск, — вы павінны разумець, што гэта чыста палітычныя рэчы. Няма прычын, мы не заслужылі таго, каб супраць нас уводзілі санкцыі. Нас душылі і будуць душыць. Мы павінны навучыцца супрацьстаяць гэтаму. Гэта ўжо, напэўна, трэці ці чацвёрты этап у задушванні эканомікі і нашай дзяржаўнасці. Трэба глядзець на свет шырэй. Клінам свет на Еўрасаюзе не сышоўся”, — сказаў Лукашэнка.