Пяць палітычных партый адмовіліся падаваць у Мінюст спісы членаў



Пяць апазіцыйных палітычных партый — Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя левых „Справядлівы свет” і Беларуская партыя „Зялёныя” — выступілі з сумеснай заявай, у якой адмовіліся падаваць у Міністэрства юстыцыі спісы членаў.

Партыі падкрэсліваюць, што падаванне персанальных спісаў не прадугледжанае законам, патрабаванне аб указанні ў афіцыйных дакументах прыналежнасці да той ці іншай партыі не дапускаецца. Партыі маюць намер падаць у Мінюст толькі тыя дакументы, якія прадугледжаныя дзейным заканадаўствам.

Праверка Мінюста пачалася пасля крытыкі Аляксандрам Лукашэнкам заявы (зробленая 10 верасня) дзесяці партый, у тым ліку праўладных, аб асуджэнні гвалту, неабходнасці дыялогу і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў.

16 верасня на сустрэчы з „палітычным актывам” Лукашэнка даручыў міністэрству правесці перарэгістрацыю партый. „Але мы ж разумеем, што гэта не партыі, калі дзесяць з іх адхіліліся ад сваіх статутаў, задач і патрабуюць новых выбараў. Даручаю міністру юстыцыі ўважліва паглядзець на ўсе партыі — ці адпавядаюць яны патрабаванням па колькасці, структуры, працуюць згодна са сваім статутам. Трэба правесці іх перарэгістрацыю”, — заявіў ён.

belapan.by