Пётр Парашэнка абвясціў пра выхад Украіны з СНД
Украіна афіцыйна выйдзе з СНД, заявіў прэзідэнт Пётр Парашэнка 12 красавіка, выступаючы на адкрыцці Кіеўскага форуму па бяспецы, паведамляе агенцтва УНІАН.
„Улічваючы тое, што Украіна ніколі не была членам СНД, і адмову гэтай структуры асудзіць расейскую агрэсію, прасіў бы, каб мы сумесна з урадам падрыхтавалі прапановы адносна афіцыйнага спынення нашага ўдзелу ў статутных органах СНД. Роўна як і канчатковага закрыцця ўкраінскага прадстаўніцтва пры адпаведных інстытутах ў Менску”, – сказаў Парашэнка.
У той жа час прэзідэнт адзначыў, што павінна быць інвентарызаваная ўся дагаворна-прававая база, складзеная Украінай у межах СНД, на прадмет адпаведнасці нацыянальным інтарэсам дзяржавы. „Карыстаючыся выпадкам, заклікаю і нашых замежных партнёраў перагледзець дамоўныя абавязкі ў дачыненні да РФ, перш за ўсё на прадмет адчувальных сфер супрацоўніцтва”, — дадаў Парашэнка.
Фота president.gov.ua