Пётр Парашэнка агучыў стратэгію „20-20”
У Кіеве праходзіць першая прэсавая канферэнцыя Пятра Парашэнкі на пасадзе прэзідэнта Украіны. У якасці тэмы канферэнцыі Парашэнка назваў праблему рэформаў ва Украіне, будучыню дзяржавы, стратэгію пераўтварэнняў з умоўнай назвай «20-20».
Менавіта да 2020 году, паводле Парашэнкі, Украіна падасць заяўку на сяброўства ў Еўрапейскім звязе:
– Грамадства павінна кантраляваць уладу, жыць адпаведна прынцыпам годнасці і сумленна выконваць сваю працу. І кожны з нас павінен рабіць усе ад нас залежнае для дасягнення нашай мэты. Прэзідэнт і настаўнік, прэм’ер-міністр і салдат, стратэгія 20-20 павінна аб’яднаць палітычныя сілы дзеля будучыні Украіны. Палітычная канкурэнцыя павінна перайсці да пошукаў аптымальных шляхоў дзеля правядзення рэформаў і дасягнення агульнай мэты. І ўжо няма і не можа быць размовы – куды ісці.
«Карупцыя, беднасць, адсталасць – найбольшыя саюзнікі баевікоў і расейскіх інтэрвентаў. Іх мэта – знішчыць нашу дзяржаву. Не даць адбыцца гуманітарнаму праекту.
Пытанне стаіць пра тое, быць Украіне ці не быць. Таму патрэба ў рэформах для нас ажно гарыць», – заявіў Парашэнка. Мэта гэтых рэформаў – дасягнуць еўрапейскіх стандартаў, якія дазволяць Украіне далучыцца да Еўразвязу.
Яна Запольская. Беларуская Радыё Рацыя