Пётра Садоўскі: Ёсць яшчэ адна падстава падаць на Лукашэнку ў суд



У Менску два дні запар адбываліся маршы супраць саюзу з Расеяй. У нядзелю на Кастрыніцкай плошчы, якую беларускія патрыёты прынцыпова называюць плошчай Каліноўскага, сярод іншых выступіў і дыпламат, мовазнаўца Пётра Садоўскі. Ён зрабіў прагноз, якая рэакцыя будзе на выхад людзей на вуліцы ў Аляксандра Лукашэнкі.

– Кіраўнік дзяржавы праз пару дзён скажа: ну вось, я міліцыі сказаў, не трогаце іх, пускай эті адшчапенцы, палітічаскія маргіналы ходзят, пры гэтым ён будзе ўжываць такую зняважліваю трасяначную формулу, гаворачы па-руску, устаўляць асобныя беларускія словы тыпу «свядомыя». Гэтых прыкладаў я асабіста сабраў 27.

Пад ухвалу людзей была агучана прапанова патрабаваць крымінальнай справы на Лукашэнку за абразу беларускай мовы.

– Ёсць групы моўных экспертаў пры Еўрапарламенце пры Еўракамсіі. Нам трэба ці ад імя грамадзян, ці ад імя сходу, ці ад імя Таварыства беларускай мовы, ці беларускай школы, не істотна, заводзіць добрую справу на грамадзяніна такога і такога, які рэгулярна распальвае варожасць паміж грамадзянамі дзяржавы па моўных прыметах.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск