Пытанне аб прызначэнні генеральнага сакратара АДКБ будзе вырашацца 22 траўня



Пытанне аб прызначэнні новага генеральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) плануецца разгледзець 22 траўня на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін АДКБ у Бішкеку, паведаміў журналістам у Менску 16 траўня выканаўца абавязкаў генеральнага сакратара Валерый Семерыкоў.

„Там будзе ўжо прынятае адпаведнае рашэнне”, — сказаў Семерыкоў. Ён растлумачыў, што кіраўнікі МЗС краін — удзельніц аб`яднання рэкамендуюць кіраўнікам дзяржаў тую ці іншую службовую асобу для прызначэння яе на пасаду генеральнага сакратара. Зараз унесеная толькі адна кандыдатура — прадстаўніка Беларусі, дзяржсакратара Савета бяспекі краіны Станіслава Зася, удакладніў в. а. генеральнага сакратара АДКБ.

„Многія прэзідэнты ўхвалілі гэтую кандыдатуру. Міністры замежных спраў адпаведнае рашэнне падпісалі, — дадаў ён. — З 1 студзеня 2020 года, як гэта прадугледжана рашэннем Савета калектыўнай бяспекі, чарга замяшчаць пасаду генеральнага сакратара пераходзіць да Беларусі. 22 траўня будзе прынятае канчатковае рашэнне. З 1 студзеня адназначна будзе прадстаўнік Беларусі”.

Пры гэтым Семерыкоў не патлумачыў, ці зможа Зась у выпадку зацвярджэння на пасадзе заняць яе раней, чым з пачатку гэтага года, чаго дамагаўся беларускі бок. Аднак ён падкрэсліў, што цяпер пост павінен займаць прадстаўнік Арменіі.

АДКБ каля паўгода працуе без генеральнага сакратара. У пачатку лістапада 2018 года генеральны сакратар АДКБ прадстаўнік Арменіі Юрый Хачатураў быў адкліканы з пасады па ініцыятыве Ерэвана з-за вылучаных у дачыненні да яго крымінальных абвінавачванняў. Арменія настойвае на захаванні за сваім прадстаўніком пасады генеральнага сакратара АДКБ да заканчэння тэрміну трохгадовага мандата ў 2020 годзе, Беларусь — прапануе на гэтую пасаду дзейнага дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Зася.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 5 сакавіка падкрэсліў, што важным пытаннем міжнароднага ўзаемадзеяння для Беларусі з`яўляецца ваенна-палітычнае супрацоўніцтва ў рамках АДКБ. Разам з тым ён назваў сітуацыю з прызначэннем генеральнага сакратара АДКБ „нездаровай” і падкрэсліў, што яе трэба вырашаць як мага хутчэй.

„Калі хочаце, гэта найважнейшы напрамак зараз, дзе павінны быць сканцэнтраваныя нашыя намаганні ў сілу тых тэндэнцый, якія развіваюцца ў ваенна-палітычнай сферы на планеце ў цэлым. Асабліва пасля таго, як абедзве найбуйнейшыя ядзерныя дзяржавы выйшлі з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, — дадаў Лукашэнка. — З улікам сусветных тэндэнцый запатрабаванасць гэтай арганізацыі сумневаў не выклікае. Аднак у цяперашні час паўстала нездаровая сітуацыя ў АДКБ. Вазьміце хоць бы звычайнае пытанне — прызначэнне генеральнага сакратара”.

У Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.

belapan.by