Пытанне пра бязвіз для беларусаў некалі паўстане
У сярэдне-тэрміновай перспектыве паўстане пытанне пра бязвізавы ўезд беларусаў у краіны шэнгенскай зоны. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, адказваючы ў чацвер на пытанні чальцоў Савета Рэспублікі, перадае БелТА.
Парламентарыі пацікавіліся перспектывамі адносін Беларусі ды Еўразвязу. «На парадку дня – пачатак перамоў па заключэнні пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве, завяршэнне перамоў пра ўступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. У сярэднетэрміновай перспектыве паўстане пытанне пра бязвізавы ўезд беларусаў у краіны «шэнгена», – сказаў намеснік міністра. Ён нагадаў, што Беларусь ужо значна спрасціла ўмовы для еўрапейскіх краін і не толькі. «Гэта было наша аднабаковае рашэнне. Яно не азначае неабходнасці такога ж рашэння ў адказ. Але сёння мы гаворым пра спрашчэнне атрымання шэнгенскіх віз, а ў будучыні будзем казаць пра іх адмену», – адзначыў Алег Краўчанка.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА