Рабочыя сустрэчы Паўла Латушкі ў Кіеве
З 31 ліпеня па 3 жніўня намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан праводзяць працоўныя сустрэчы ў Кіеве.
Павел Латушка ў якасці ўпаўнаважанага прадстаўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі рашэннем кіраўніцы АПК Святланы Ціханоўскай прыняў удзел у сустрэчы з кіраўніцтвам Палка Кастуся Каліноўскага.
Адбылася сустрэча з Прадстаўніком Офіса Амбудсмена Украіны Аляксандрам Кананенкам, падчас якой былі перададзены дадатковыя матэрыялы, якія пацвярджаюць незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Беларусі, перш за ўсё дзяцей-сірот. Колькасць дзяцей-сірот, якіх удалося ўстанавіць камандзе НАУ, ужо складае больш за 50. Таксама прадстаўлены доказы аб тым, што некалькі дзяцей-сірот пасля знаходжання ў Беларусі былі перамешчаныя на тэрыторыю Расеі і падвергнуты працэдуры ўсынаўлення ў Расеі. У ходзе сустрэчы дамовіліся аб далейшым узаемадзеянні з мэтай садзейнічання вяртанню ўкраінскіх дзяцей на Радзіму і спынення ўчынення гэтых злачынстваў.
Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Украіны ў ходзе сустрэчы быў праінфармаваны аб змесце камунікацыі ў адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага статута, накіраванай камандай НАУ у адрас пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Падрабязна абмеркаваны дэталі матэрыялаў і дакументаў, прадстаўленых у гэтай справаздачы. Дамовіліся аб тым, якія дадатковыя матэрыялы і дакументы важныя украінскім пракурорам для працягу следства ў дачыненні да ўчыненых злачынстваў. Наладжаны прамы канструктыўны кантакт.
Павел Латушка правёў сустрэчу з прадстаўніком Украіны ў Міжнародным крымінальным судзе, паслом па асобых даручэннях МЗС Украіны, які таксама з’яўляецца прадстаўніком у Міжнародным цэнтры па пераследзе злачынства агрэсіі супраць Украіны Антонам Карыневічам.
З кіраўніком Нацыянальнага агенцтва па супрацьдзеянні карупцыі Украіны Аляксандрам Новікавым былі абмеркаваны пытанні санкцыйнай палітыкі.
У Кіеве таксама быў праведзены круглы стол з удзелам юрыстаў і ўкраінскіх палітыкаў па пытаннях выкарыстання розных механізмаў і інструментаў прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за міжнародныя злачынствы.
Прес-служба НАУ.