Рада БНК прыняла зварот да беларускага народа і еўрапейскіх краін і заяву
У Менску адбылося пасяджэнне Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса. Сябры Рады пад кіраўніцтвам Мікалая Статкевіча разгледзелі некалькі пытанняў: пра сітуацыю ў Беларусі і пра бліжэйшыя планы БНК, стаўленне БНК да парламенцкай кампаніі і пра хвалю новых рэпрэсій у Беларусі.
Рады БНК прыняла зварот і заяву.
Зварот Рады БНК
Спыніць новую хвалю рэпрэсій.
Правячы рэжым пачаў падрыхтоўку да выбарчых кампаній, якія будуць адбывацца на фоне значных сацыяльных праблем і нянавісці да дыктатара падаўляючай большасці народа.
Каб прадухіліць масавыя пратэсты, сілавікі рэжыма распачалі новую кампанію рэпрэсій і запалохвання грамадства.
У турмах катуюць палітзняволеных Міхаіла Жамчужнага і Святаслава Барановіча. Сфабрыкавана новая крымінальная справа супраць былога вязня сумлення Дзмітрыя Паліенкі. Не спыняецца ціск на Генадзя Фядыніча, асуджанага да абмяжавання волі.
Каб паралізаваць волю грамадства да супраціву знішчаюць крыжы вакол месца масавых сталінскіх забойстваў у Курапатах. Тыя, хто спрабаваў бараніць крыжы ці проста заклікаў да малітвы ў іх абарону, былі асуджаны да арыштаў.
Пачаў карацца нават удзел у самастойных жалобных мерапрыемствах каля магіл савецкіх салдат, загінуўшых пры вызваленні Менска ад нацыстаў.
Скарыстаўшыся няздатнасцю зарэгістраванай апазіцыі да несанкцыянаванага пратэста, відавочна праяўленай перад святкаваннем 100-годдзя БНР, улады непамерна паднялі плату за санкцыянаваныя массавыя мерапрыемствы для іх арганізатараў. Такім чынам, магчымасць правядзення ў Беларусі санкцыянаваных пратэстных акцый фактычна скасавана.
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса заклікае да салідарнасці з палітзняволенымі, патрабуе іх вызвалення і спынення рэпрэсій.
Мы таксама звяртаемся да ўрадаў еўрапейскіх краін з заклікам скарыстацца правядзеннем у Беларусі Другіх Еўрапейскіх гульняў і аказаць ціск на беларускі рэжым у падтрымку гэтых патрабаванняў.
Вялікае спартыўнае свята еўрапейскага масштаба не сумяшчальнае з наяўнасцю палітвязняў і палітычных рэпрэсій у краіне, якая з’яўляецца арганізатарам Еўрапейскіх гульняў. Спыніць рэжым можа толькі наша салідарнасць. Будзем разам.
г. Менск 1 чэрвеня 2019 г.
Заява Рады БНК
Лукашэнка – галоўная пагроза існаванню Беларусі
Правячы рэжым ніколі не ставіў і не ставіць мэтай пабудову сапраўды незалежнай, эканамічна самадастатковай дзяржавы. Нават ушчыльную сутыкнуўшыся з даўно прадказальным намерам Крамля інкарпараваць нашу краіну, Лукашэнка нічога не робіць для рэальнага ўмацавання яе незалежнасці.
Замест рэальных эканамічных рэформ захоўваецца архаічная сістэма ручнога кіравання ўсімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі з аднаго цэнтру, якая вядзе да ўбыткаў і страты іх канкурэнтаздольнасці. Малы і сярэдні бізнес душацца. Правы працоўных груба парушаюцца, людзі вымушаны масава з’язжаць працаваць за мяжу. Залежныя ад рэжыма суды і пастаянныя парушэнні правоў уласнасці спыняюць інвестыцыі.
Штучная „эканоміка” Лукашэнкі не здольная існаваць без значных расейскіх датацый. Пры іх змяньшэнні ён проста перакладае цяжар эканамічных праблем на народ, нянавісць якога да дыктатара ўжо зашкальвае.
Замест дыялога і кансалідацыі грамадства пачалася новая хваля прэвентыўных палітычных рэпрэсій, звязаная з плануемымі „выбарчымі” кампаніямі, якія рэжым чарговы раз хоча правесці па ўсім абрыдламу сцэнарыю фарса.
Замест умацавання і пашырэння нацыянальнай самасвядомасці працягваюцца русіфікацыя, пераслед патрыётаў і патрыятычных СМІ ды дамінаванне маскоўскай прапаганды.
Відавочна, што адзіная мэта кіраўніка рэжыма – захаванне сваёй ролі прывілеяванага васала Масквы і дастатковага ўзроўню расейскіх датацый. Нават шляхам чарговых саступак суверэнітэта краіны.
Але рашучасць Масквы атрымаць за 25 год захавання Лукашэнкі ва ўладзе поўны кантроль над Беларуссю, як ніколі вялікая.
Знешняя агрэсія і далучэнне тэрыторый іншых дзяржаў зрабілася для крамлёўскага кіраўніцтва гарантаваным сродкам падвышэння ўласнага рэйтынгу і захавання ўлады над Расеяй.
Існаванне нашай дзяржавы пад пагрозай. Галоўная прычына гэтай пагрозы – сам Лукашэнка, які стварыў яе сваімі папярэднімі доўгатэрміновымі дзеяннямі. Рэалізуемы Масквой сцэнар паглынання Беларусі пра так званую саюзную дзяржаву быў бы немагчымым пры любых дэмакратычна абраным кіраўніку краіны, не абцяжараным абавязацельствамі перад Крамлём.
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса заклікае ўсіх грамадзян быць гатовымі да абароны незалежнасці любымі мажлівымі сродкамі. Мы заклікаем да аб’яднання вакол БНК, як адзінай дзеяздольнай патрыятычнай сілы.
Мы выкарыстаем усю магчымасць, у тым ліку палітычнай кампаніі рэжыма, каб кансалідаваць грамадства для пераменаў і ўратавання нашай краіны.
Уладу – народу!
Жыве Беларусь!
г. Менск 1 чэрвеня 2019 г.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск