Рада БНР: Без беларусаў свету пра нас бы ніхто не ведаў
Пра гэта падчас анлайн-цырымоніі адкрыцця Народных амбасадаў Беларусі заявіў намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык.
Адзначаючы важную ролю беларускай эміграцыі, Сяргей Навумчык заклікаў не падзяляць беларусаў на тых, хто застаўся, і тых, хто з’ехаў з краіны:
– Калі б не радыёперадачы, вось не гэтыя намаганні, я, як савецкі школьнік, мы тады ў 70-х – 80-х гадах, як былі студэнтамі, ні слова не ведалі ні пра БНР, ні пра бел-чырвона-белы сцяг, ні пра саму гэтую ідэю незалежнасці, якая абсалютна выглядала нечым фантастычным. А ўвогуле за такія словы людзі ў Савецкім Саюзе атрымлівалі тэрміны.
Сяргей Навумчык таксама выказаў агульнае стаўленне Рады БНР да Святланы Ціханоўскай і дзейнасці беларусаў свету па заснаванні Народных амбасадаў:
– Пазіцыя Рады БНР адназначна была выказаная яшчэ некалькі месяцаў таму Іванкай Сурвілай. Рада БНР падтрымлівае Святлану Ціханоўскую ў яе намаганнях за незалежнасць, за свабоду, за вызваленне палітычных вязняў. Падтрымлівае зрэшты як і ўсіх, хто зараз апынуўся за мяжой, ці даўно тут жыве, і працуе на беларускую справу.
На думку Сяргея Навумчыка, лёс Беларусі вырашаецца зараз і тымі людзьмі, якія аддана працуюць на будучыню свабоднай краіны.
Беларускае Радыё Рацыя