Рада БНР патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай, у якой „рашуча асуджае гвалтоўныя дзеянні сілавых структур лукашэнкаўскага рэжыму супраць грамадзянаў падчас мірных святочных дэманстрацый 25 сакавіка 2017 года”.
Рэжым „у чарговы раз прадэманстраваў сваю антыбеларускую і антыдэмакратычную натуру, а таксама сваю беспасярэднюю пераемнасць з таталітарнай савецкай акупацыйнай уладай”, лічыць Рада БНР.
Рада патрабуе „неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных 25 сакавіка і напярэдадні гэтае даты, чый лік складае некалькі соцень чалавек”, „звяртае ўвагу міжнароднай супольнасці на факты далейшых яскравых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, адсутнасць будзь-якога прагрэсу ў справе дэмакратызацыі”, а таксама заклікае ЕС, ЗША, Канаду і „іншыя краіны вольнага свету” ажыццявіць „актыўны палітычны і эканамічны ціск на прарасійскую дыктатуру ў Беларусі з мэтай неадкладнай дэмакратычнай трансфармацыі і павагі да правоў чалавека”.