Рада БНР патрабуе расследаваць знікненне беларускіх палітыкаў
У 20-ю гадавіну знікнення журналіста Змітра Завадскага Рада БНР выступіла з заявай, у якой заклікала да расследавання гвалтоўных знікненняў. Заява апублікаваная на старонцы Рады БНР у фэйсбуку.
Нерасследаванне знікненняў беларускіх палітыкаў можа сведчыць пра нежаданне ўладаў, каб грамадства ведала праўду – Заява Рады БНР
7 ліпеня 2020 года спаўняецца 20 гадоў з дня знікнення і, відавочна, забойства аператара Дзмітрыя Завадскага, які працаваў у здымачнай групе беларускага апазіцыйнага журналіста Паўла Шарамета.
Знікненне Завадскага стала ў адзін шэраг са знікненнямі і смерцямі ўплывовых беларускіх дзяржаўных і грамадскіх дзеячоў у канцы дзевяностых і пачатку нулявых гадоў. Перадусім гэта знікненні дэпутата Вярхоўнага Савета і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, прадпрымальніка і прыхільніка беларускай дэмакратычнай апазіцыі Анатоля Красоўскага, былога міністра ўнутраных справаў генэрала Юрыя Захаранкі, а таксама смерць пры не да канца высветленых абставінах былога старшыні гарвыканкама Маладэчна, дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі Генадзя Карпенкі.
За гады, што прайшлі з моманту знікнення і смерці гэтых асобаў, з’явіліся пераканаўчыя сведчаньні, што іхныя выкраданні і забойствы маглі быць справай рук так званых „эскадронаў смерці”, створаных унутры сістэмы карных органаў аўтарытарнага рэжыма ў Беларусі для фізічнай ліквідацыі палітычных апанентаў А. Лукашэнкі.
Некаторыя іншыя беларускія дэмакратычныя палітыкі, у тым ліку лідар Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк, былі вымушаныя эміграваць з Беларусі, маючы інфармацыю пра пагрозу магчымай падрыхтоўкі забойства з боку карных органаў рэжыма А. Лукашэнкі.
Афіцыйныя ўлады Беларусі не правялі адкрытага расследвання знікнення і смерці беларускіх палітыкаў, якія застаюцца аднымі з найбольш рэзанансных злачынстваў у гісторыі постсавецкай Беларусі.
Адсутнасць пераканаўчых публічных вынікаў расследвання можа сведчыць пра незацікаўленасць афіцыйных уладаў у тым, каб грамадства даведалася праўду. Калі сведчаньні пра выкраданні і забойствы беларускіх палітыкаў і журналістаў „эскадронамі смерці” знойдуць пацверджаньне, Аляксандар Лукашэнка мае панесці асабістую адказнасць за арганізацыю гэтых забойстваў або за пакрывальніцтва іхных ініцыятараў, арганізатараў і выканаўцаў.
Рада БНР патрабуе неадкладнага празрыстага публічнага расследваньня знікнення Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзьмітрыя Завадскага, а таксама абставінаў смерці Генадзя Карпенкі, журналіста Анатоля Майсені, журналіста Алега Бябеніна і іншых вядомых падобных выпадкаў.
Рэзанансныя палітычныя забойствы, арганізатары і выканаўцы якіх чыняць незаконныя перашкоды следству, ня маюць тэрміна даўніны. Іхнае сумленнае расследванне з’яўляецца прамым абавязкам органаў правапарадку Рэспублікі Беларусь. Рада БНР заклікае сумленных і верных прафесійным стандартам супрацоўнікаў следчых органаў Рэспублікі Беларусь весці падрыхтоўку да правядзення следства па гэтых справах, незалежна ад цяперашніх распараджэнняў кіраўніцтва.