Рада БНР: У Беларусі адсутнічаюць умовы для правядзення выбараў



Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў сувязі з прызначэннем „выбараў” Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

7 ліпеня 2015 г.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заяўляе, што ніякія выбары не могуць лічыцца законнымі і справядлівымі без выканання базавых дэмакратычных нормаў, без стварэння атмасферы для свабоднага волевыяўлення, без забеспячэння аднолькавых умоў для правядзення перадвыбарчай кампаніі для ўсіх кандыдатаў, у тым ліку прадстаўнікоў апазіцыі.

Рада БНР канстатуе, што на дадзены момант у Беларусі адсутнічаюць умовы для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў:

– У інфармацыйным полі дамінуюць дзяржаўныя СМІ, якія выконваюць прапагандысцкія задачы на карысць аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Незалежныя журналісты, у тым ліку журналісты тэлеканалу „Белсат”, радыё „Рацыя”, рэгіянальных СМІ, знаходзяцца пад безупынным ціскам з боку ўладаў.

– За кратамі застаецца некалькі палітычных вязняў, у тым ліку кандыдат у Прэзідэнты на „выбарах” 2010 г. Мікалай Статкевіч. У гэтым годзе па незаконных падставах за палітычную дзейнасць у турму быў памешчаны актывіст Юры Рубцоў. Палітвязні, вызваленыя раней, застаюцца не рэабілітаванымі, што накладае на іх сур’ёзныя абмежаванні ў заняцці грамадскай і палітычнай дзейнасцю.

– Працягваецца незаконны ціск з боку ўладаў на актывістаў, палітыкаў, грамадскія і палітычныя арганізацыі, якія выказваюць крытыку на адрас рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Рада БНР канстатуе, што прынамсі з 1996 г. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца недэмакратычнай дзяржавай, дзе адсутнічае інстытуцыяналізаваная палітычная канкурэнцыя, а ўлада манапалізаваная групай людзей на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Прынамсі з 1996 году ў Рэспубліцы Беларусь адсутнічаюць легітымна і законна сфармаваныя нацыянальныя законадаўчыя і выканаўчыя органы ўлады.

У сувязі з вышэй азначаным, Рада БНР заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь:

– Гарантаваць грамадзянам Беларусі дэмакратычныя правы і свабоды, замацаваныя ў тым ліку ў дзеючым законадаўстве Рэспублікі Беларусь,

– Стварыць у Беларусі перадумовы для правядзення паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў, пасля чаго правесці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусі і міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі перавыбары ва ўсе органы дзяржаўнай і мясцовай улады,

Рада БНР патрабуе неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітычных вязняў: Мікалая Статкевіча, Юрыя Рубцова, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Арцёма Пракапенкі, а таксама рэабілітацыі ўсіх раней вызваленых палітычных вязняў.

Рада БНР заклікае міжнародную супольнасць працягнуць ціск на афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь, каб дамагчыся абароны правоў чалавека і рэальных крокаў дзеля дэмакратызацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі.

facebook.com/radabnr