Рада БНР выдала заяву з нагоды ўключэння яе ў спіс „экстрэмісцкіх фармаванняў”



Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла да ведама інфармацыю пра сваё ўключэнне ў спіс „экстрэмісцкіх фармаванняў” з боку КДБ Рэспублікі Беларусь – карнага органу, за якім яшчэ з часоў Леніна цягнецца ланцуг злачынстваў і тэрору супраць беларускага народу.

Дадзенае рашэнне, прынятае незаконнай злачыннай арганізацыяй, якой з’яўляецца КДБ РБ, ніякім чынам не паўплывае на далейшую дзейнасць Рады БНР, якая будзе працягваць прадстаўляць суверэнныя правы беларускага народу‚ выяўленыя ў праватворчым Акце 25 Сакавіка 1918 г. і зафіксаваныя Трэцяй Устаўной Граматай БНР.

Рада БНР заяўляе, што аўтарытарны палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі ў выніку дзяржаўнага перавароту 1995–1996 гг., і ўзурпацыі ўлады з боку групы асобаў на чале з былым прэзідэнтам А. Лукашэнкам, з’яўляецца нелегітымным і не мае права прамаўляць ад імя народу Беларусі.

radabnr.org