Рада БНР выказала спачуванне сваякам Вітольда Ашурка і абурэнне захопам Рамана Пратасевіча



Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае глыбокае спачуванне сваякам палітычнага вязня Вітольда Ашурка і абурэнне захопам палітычнага ўцекача Рамана Пратасевіча.

Вітольд Ашурак, незаконна асуджаны на пяць гадоў, памёр пры невытлумачальных абставінах пасля таго, як паведаміў у лісце пра прыніжальную практыку лукашэнкаўскіх турмаў пазначаць палітычных вязняў жоўтымі імяннымі біркамі. Акрамя агіднай паралелі з практыкай нацыстаў, якія пазначалі жоўтым колерам габрэяў падчас Халакосту, палітычныя вязні ў беларускіх турмах церпяць дадатковую дыскрымінацыю ў параўнанні з асуджанымі па крымінальных артыкулах.

Рада БНР патрабуе неадкладнага празрыстага і сумленнага расследвання смерці Вітольда Ашурка і прыцягнення да адказнасці ўсіх тых, хто вінаваты ў смерці гэтага выбітнага грамадскага дзеяча.

Раман Пратасевіч, былы рэдактар уплывовага пратэставага Telegram-канала NEXTA, быў захоплены ў выніку спецыяльнай аперацыі лукашэнкаўскіх спецслужбаў, якая, паводле наяўнай інфармацыі, уключала сачэнне за ім у замежжы і пасадку самалёта, на якім ён ляцеў з Афін у Вільню, па заведама фальшывай прычыне з адзінай мэтай захапіць уплывовага палітычнага актывіста.

Рада БНР заяўляе, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі па захопе Рамана Пратасевіча не толькі супярэчаць шматлікім міжнародным нормам і пагадненням, удзельнікам якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, але таксама могуць быць класіфікаваныя як акт міжнароднага тэрарызму.  Рада БНР патрабуе неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча і ўсіх іншых палітычных вязняў у Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя