Рада БНР заклікае міжнародную супольнасць да абароны суверэнітэту Беларусі
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі разглядае фармаванне Расеяй рэзерву сілавікоў, пра што 27 жніўня заявіў Уладзімір Пуцін, як пагрозу вайсковага ўмяшальніцтва з боку Расеі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на старонцы Рады БНР у фэйсбуку.
РАСЕЙСКІЯ СІЛАВІКІ НЯ ЗМОГУЦЬ ПАВЯЛІЧЫЦЬ ПАПУЛЯРНАСЬЦЬ А. ЛУКАШЭНКІ СЯРОД БЕЛАРУСАЎ – ЗАЯВА РАДЫ БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі расцэньвае фармаваньне Расеяй рэзэрва сілавікоў для падаўленьня беларускіх пратэстаў, аб чым 27 жніўня заявіў Уладзімір Пуцін, як пагрозу вайсковага ўмяшальніцтва з боку Расеі.
Сама па сабе заява Ўладзіміра Пуціна аб гэтым ужо можа быць расцэненая як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі.
Пратэсты ў Беларусі носяць выключна мірны характар. Іхныя патрабаваньні палягаюць у выкананьні законаў і павазе да грамадзянскіх правоў жыхароў Беларусі. Масавасць пратэстаў сьведчыць пра тое, што Аляксандар Лукашэнка і ягоны недэмакратычны рэжым пазбаўленыя падтрымкі беларускага грамадзтва і павінны ў адпаведнасьці з законам і з агульнапрынятымі дэмакратычнымі нормамі саступіць месца новай уладзе, сфармаванай на свабодных і дэмакратычных выбарах.
Рада БНР заяўляе, што імавернае вайсковае ўмяшальніцтва і падаўленэне пратэстаў расейскімі войскамі паставіць крыж на добрасуседзкіх адносінах паміж Беларуссю і Расеяй.
Ніякая замежная сілавая дапамога ня зможа павялічыць падтрымку рэжыма Лукашэнкі ў беларускім грамадзтве.
Толькі дэмакратычныя рэформы і новыя свабодныя і сумленныя выбары могуць стаць выхадам зь цяперашняга палітычнага крызісу ў Беларусі.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць да салідарнасьці з Беларуссю і да абароны сувэрэнітэту Беларусі ў цяперашняй сітуацыі.
Будучыню Беларусі павінен вызначаць сам беларускі народ, а не замежныя войскі.