Рада бяспекі ААН занепакоена развіццём падзей ва Украіне (абноўлена)



Ва Украіне будзе ўзнаўленне поўнамаштабных баёў – не выключае Рада бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Экстранае пасяджэнне Рады адбылося 12 лістапада па просьбе ЗША. Прычынай сталіся навіны пра ўвод у захопленыя раёны Украіны расейскіх войскаў, танкаў, артылерыі ды цяжкага ўзбраення. Галоўнай тэмай дыскусіі стала пагроза аднаўлення поўнамаштабных баёў у захопленых прарасейскімі сепаратыстамі раёнах Украіны. Пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Саманта Паўэр адзначыла, што асноўная прычына канфлікту — гэта грубае парушэнне Расеяй суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

* * *

Экстраная нарада па Украіне пройдзе ў Радзе бяспекі ААН.  Нагода — невыкананне Расеяй менскіх дамоўленасцяў, якія прадугледжваюць рэжым спынення агню. Паседжанне адбудзецца 12 лістапада ў 22:30 паводле беларускага часу. Акрамя 15 краін-сябраў Рады бяспекі, на яго таксама запрошаны сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Юры Сяргееў.

Чакаецца, што на сустрэчы будуць абмяркоўвацца апошнія падзеі на ўсходзе Украіны, дзе працягваюцца абстрэлы, нягледзячы на падпісанне менскіх дамоўленасцяў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота rtvi.com