Рада дазволіла ўводзіць ва Украіну міратворцаў ААН і ЕЗ



Вярхоўная Рада прыняла закон, якім дазваляецца запрашаць ва Украіну войскі замежных дзяржаў і ваенных блокаў для правядзення міжнародных аперацый па падтрымцы міру.

Вярхоўная Рада

За адпаведны законапраект прагаласавалі 240 народных дэпутатаў.

У прыватнасці, у дзеючы закон пра знаходжанне падраздзяленняў замежных войскаў на тэрыторыі Украіны дадалі пункт, які прадугледжвае, што такія войскі могуць быць дапушчаныя ва Украіну для „прадастаўлення Украіне, па яе просьбе, дапамогі ў выглядзе правядзення на яе тэрыторыі міжнароднай аперацыі па падтрымцы міру і бяспекі на падставе рашэння ААН і/або ЕЗ”.

Пры гэтым, законам забаранілі ўдзельнічаць у такіх аперацыях краінам, якія „развязваюць супраць Украіны ўзброеную агрэсію”, што выключае ўдзел у міратворчых аперацыях Расею.

Як вядома, Вярхоўная Рада прызнала Расею краінай-агрэсарам, з-за незаконнай анексіі Крыма і развязвання агрэсіі на Данбасе. Украіна выступае з ініцыятывай увесці на Данбас міратворцаў ААН або паліцэйскую місію ЕЗ.

pravda.com.ua