Рада Еўразвяза і Еўрапарламент зацвердзілі новы візавы кодэкс



Новы візавы кодэкс узгаднілі Рада Еўразвяза і Еўрапарламент. Сцвярджаецца, што ён спросціць выдачу кароткатэрміновых віз для паездак у ЕЗ.

Па новых правілах, заявы на атрыманне візы можна будзе падаваць у перыяд ад шасці месяцаў (цяпер ад трох) да 15 дзён да даты меркаванай паездкі. У той жа час новы кодэкс прадугледжвае павелічэнне візавай пошліны з цяперашніх 60 да 80 еўра з магчымай зніжкай для асобаў малодшых за 18 гадоў. Дзеці да шасці гадоў, студэнты і навукоўцы па-ранейшаму будуць вызваленыя ад выплаты візавага збору. Людзі, якія здзяйсняюць частыя паездкі, паводле новага кодэкса, змогуць разлічваць на шматразовыя візы. Ці не ўскладніць новы кодэкс атрыманне доўгатэрміновай шэнгенскай візы беларусам,  адказвае дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

– Беларусь з’яўляецца адной з краінаў, якой выдаюць найбольшую колькасць шэнгенскіх візаў. То бок, праблема зараз не ў тым, проста ці складана атрымаць беларусам візу, праблема хутчэй у кошце візаў і магчымасці атрымання для беларусаў бясплатных візаў для спецыфічных катэгорый грамадзян. А гэта рэгулюецца дамовай, якая ўзгадняецца паміж Беларуссю і Еўразвязам – гэта Дамова пра спрашчэнне візавага рэжыму. Кожныя паўгады нам абяцаюць, што яна хутка будзе падпісана, але да сённяшняга дня яе так і не падпісалі.

РР: Але Андрэа Віктарын заявіла, што аптымістычна глядзіць на хуткае падпісанне гэтага пагаднення. На якім этапе зараз перамовы?

Андрэй Ягораў: Складана сказаць. Прайшоў чарговы раунд камунікацый па гэтым пытанні паміж ЕЗ і Беларуссю. Бакі заявілі, што яны радыя прагрэсу ў гэтых перамовах. Але акрамя гэтых аптымістычных заяваў складана штосьці сутнаснае сказаць. Гэтыя заявы паўтараюцца цягам доўгага перыяду, але дамова так і не падпісаная.

РР: Адмена візаў “на закупы” нейкім чынам паўплывала на тое, як выдаюць зараз візы беларусам?

Андрэй Ягораў: Гэта была польская ініцыятыва выдачы візаў “на закупы”. Зараз гэтая практыка адмененая. Але звычайную турыстычную візу чалавек можа атрымаць.

РР: Згодна новаму візаваму кодэксу адзначаецца, што толькі людзі, якія пацвердзяць свае частыя паездкі ў ЕЗ, змогуць разлічваць на шматразовую візу.

Андрэй Ягораў: Атрыманне шматразовых візаў значна б упрасціла сітуацыю з колькасцю віз, якія выдаюцца. І гэта адное з пытанняў – рухацца да сітуацыі больш зручных умоў для беларусаў у атрыманні візаў.  І зараз фактычна для атрымання шматразовай візы пажадана было мець гісторыю ўезда ў ЕЗ. Таму зноў такі, я не думаю, што гэта паўплывае нейкім адмоўным чынам на тую сітуацыю, якая ёсць сёння. А з іншага боку, я не бачу нейкіх пазітыўных зрухаў у гэтым кірунку.

Каментуючы меркаваныя змены ў візавы кодэкс, у прадстаўніцтве Еўразвязу адзначылі, што „павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, усталяваны ў пагадненнях пра спрашчэнне візавага рэжыму, якія заключаны паміж ЕЗ і шэрагам трэціх краін, такіх як Расея, Арменія і Азербайджан”. У той жа час падпісанне такога пагаднення паміж Брусэлем і Менска ўвесь час адкладаецца.

Гутарыў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя