Рада інтэлігенцыі – на баку народа
Сёння Сакратарыят Рады беларускай інтэлігенцыі прыняў заяву:
Уся сёлетняя кампанія па выбарах прэзідэнта, як і ў папярэднія гады, праходзіла пад знакам самапрызначэння аднаго кандыдата – Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які карыстаўся неабмежаваным манапольным доступам да ўсіх дзяржаўных СМІ дзеля ўласнага самапіяру. Некаторыя з прэтэндэнтаў, якія пачалі набіраць найбольшую папулярнасць, былі арыштаваны. Усе астатнія кандыдатуры былі зарэгістраваны выключна для таго, каб забяспечыць яўку выбарнікаў і стварыць ілюзію палітычнай канкурэнцыі і дэмакратычнасці працэсу. Тым не менш народ скарыстаўся легальнай магчымасцю змены ўлады і зрабіў свой выбар. Падчас працэдуры датэрміновага і асноўнага галасавання адбыліся беспрэцэдэнтныя парушэнні з боку выбарчых камісій і ЦВК, што зафіксавана многімі назіральнікамі. Незалежных назіральнікаў не дапускалі да працэдуры падліку галасоў, ім адмаўляліся прад’яўляць выніковыя пратаколы. Журналістаў незалежных СМІ, якія вялі стрымы з выбарчых участкаў, затрымлівалі і вывозілі ў невядомым кірунку. Кандыдатка Святлана Ціханоўская, якая верагодна атрымала большасць галасоў, была вымушана з’ехаць з Беларусі. Такія факты ў сваёй сукупнасці дазваляюць прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі. Недавер да афіцыйных вынікаў галасавання выказалі шматтысячныя групы людзей у розных гарадах Беларусі, якія выйшлі на вуліцы з мэтай адстаяць сваё права на годнае жыццё.
Нелігітымная ўлада схавалася за спінаю сілавых структур і перайшла да гвалту ў дачыненні да ўласнага народа. Сваімі дзеяннямі па фальсіфікацыі вынікаў галасавання і жорсткім разгоне мірных пратэстоўцаў улада цалкам страціла давер грамадзян. Яна не мае ні маральнага, ні юрыдычнага права выступаць ад імя народу і прымаць любыя рашэнні на міжнародным узроўні.
Менавіта народ быў і застаецца адзіным паўнавартасным і паўнамоцным суб’ектам улады. Мы ганарымся тым, што беларускі народ сваімі штодзённымі пратэстнымі дзеяннямі нагадвае ўсяму свету, хто з’яўляецца сапраўдным гаспадаром у нашым беларускім доме.
Але такі стан не можа працягвацца надалей. Па ўзроўні жыцця мы даўно павінны былі стаць у адным шэрагу з заможнымі еўрапейскімі краінамі. Гэты шанс чарговы раз збіраюцца ў нас адабраць.
У цяперашняй сітуацыі процістаяння ўлады і народа мы бачым выйсце ў скліканні круглага стала, на які мы запрашаем прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў Беларусі і ўладных структур. У выніку яго правядзення павінна быць выпрацавана прававая аснова выхаду з крызіснай сітуацыі і правядзення выбараў новай легітымнай улады.
Сакратарыят Рады беларускай інтэлігенцыі,
12 жніўня, Менск