Рада НАТА накіруе ў Літву групу падтрымкі па супрацьдзеянні гібрыдным пагрозам



Паўночнаатлантычная рада — палітычны орган НАТА — на пасяджэнні 25 жніўня прыняла рашэнне накіраваць у Літву групу падтрымкі па супрацьдзеянні гібрыдным пагрозам (Counter Hybrid Support Team) у сувязі з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведамляе прэс-служба літоўскага МЗС са спасылкай на міністра Габрыэлюса Ландсбергіса, які ўдзельнічаў у пасяджэнні дыстанцыйна.

Адзначаецца, што літоўскі бок папрасіў задзейнічаць групу падтрымкі НАТА з прычыны „гібрыднай атакі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які арганізоўвае нелегальную міграцыю з трэціх краін з дапамогай дэзынфармацыі, прапаганды і палітычнага шантажу”.

„Давайце будзем шчырыя, сітуацыя, з якой сутыкнулася Літва, не з’яўляецца міграцыйным крызісам, — заявіў Ландсбергіс. — Гэта добра арганізаваная, цынічная, гібрыдная аперацыя, якую Лукашэнка праводзіць як помсту за прынцыповую падтрымку Літвой беларусаў, што змагаюцца за дэмакратычную будучыню сваёй краіны”.

Кіраўнік літоўскага знешнепалітычнага ведамства падзякаваў саюзнікам па НАТА за „палітычную, практычную падтрымку і салідарнасць у вырашэнні праблемы беспрэцэдэнтных міграцыйных патокаў у Літву праз беларускую мяжу”.

Паведамляецца, што група падтрымкі НАТА павінна прыбыць у Літву найбліжэйшым часам. Эксперты альянсу „прааналізуюць магчымыя сцэнары гібрыднай кампаніі, існыя і патэнцыйныя рызыкі і ўнясуць прапановы па стратэгічнай камунікацыі і гатоўнасці да магчымых інцыдэнтаў”.

З-за сітуацыі з павелічэннем патокаў нелегальных мігрантаў з боку Беларусі 2 ліпеня ў Літве ўвялі рэжым экстрэмальнай сітуацыі. Для стрымлівання нелегалаў уздоўж мяжы з Беларуссю пачалі расцягваць бар’ер з калючага дроту, таксама прынятае рашэнне ўзвесці 508-кіламетровы металічны плот вышынёй не меншай за тры метры.

Паводле звестак Дэпартамента статыстыкі Літвы, з пачатку года ў краіне затрымалі больш за 4,1 тыс. мігрантаў, якія незаконна перасеклі мяжу з боку Беларусі, — у 51 раз больш, чым за ўвесь 2020-ты. Большая частка нелегалаў — грамадзяне Ірака.

БелаПАН