Радаслаў Сікорскі сустрэўся з Алесем Бяляцкім



Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі сустрэўся з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім, якога нядаўна вызвалілі з турмы. Міністар выказаў праваабаронцу словы падтрымкі – паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных справаў Польшчы.

Радаслаў Cікорскі падкрэсліў, што Польшча балюча ўспрыняла арышт Алеся Бяляцкага. Ён абмеркаваў з былым палітвязнем палітычную сітуацыю ў Беларусі, канфлікт ва Украіне, а таксама дзейнасць Еўразвязу па падтрымцы дэмакратыі.

Алесь Бяляцкі з’яўляецца кіраўніком беларускага праваабарончага цэнтру “Вясна” і намеснікам старшыні Міжнароднай асацыяцыі правоў чалавека.

За сваю праваабарончую дзейнасць ён неаднаразова ўдастойваўся ўзнагарод. У 2006 годзе ён атрымаў чэскую прэмію Homo Homini, у 2012 – польскую прэмію імя Леха Валенсы, у 2013 – прэмію Pro Dignitate Humana а ў гэтым годзе – шведскі тытул праваабаронцы года. Некалькі разоў Алеся Бяляцкага намінавалі на Нобэлеўскую прэмію міру.

Беларускае Радыё Рацыя