Радзім Гарэцкі: Эйфарыі быць не павінна



Акадэмік і грамадскі дзеяч Радзім Гарэцкі распавядае, чаму беларускія ўлады ўсё больш увагі аддаюць праблемам беларускай мовы.

3_gar

Аб жаданні перавесьці выкладанне двух школьных прадметаў – гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі – выключна на беларускую мову паведаміў «Звяздзе» міністар адукацыі Сяргей Маскевіч.

“Такая задача ўжо пастаўленая, і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага году беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю», – сказаў спадар Маскевіч.

Таксама ён заявіў, што ва ўсіх ВНУ краіны па-ранейшаму будзе выкладацца курс «Беларуская мова. Прафесійная лексыка». І дадаў, што выкладаньне гісторыі Беларусі таксама будзе весьціся на беларускай.

Радзім Гарэцкі: Мне здаецца, што такі крэн у бок беларусізацыі невпадковы, бо набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. Трэба ж уладзе заваёўваць нейкую сімпатыю і сярод тых, хто лічыць адраджэнне мовы – адной з асноў дзяржаўнай палітыкі. А, магчыма, паўплывалі і ўкраінскія падзеі ды словы Пуціна, што “там Расея, дзе гучыць руская мова”. Неабходна паказаць, што Беларусь там, дзе беларуская мова. Улада, напэўна, зразумела пасля гэтых падзей, што без мовы мы можам згубіць і незалежнасць, хоць і зараз сітуацыя небяспечная. Ёсць эканамічная залежнасць ад Масквы, іншыя праблемы. Тут ужо не да гульняў.

 РР: На ваш погляд, як грамадства ўспрыме, скажам так, нейкія крокі па беларусізацыі?

 Радзім Гарэцкі: Думаю, вельмі добра, хоць, не выключаю, і не ўсе будуць рады. Многія ж ужо нават забыліся мову. І тое, што робіцца, называць беларусізацыяй было б вельмі гучна. Заявы пра мову, увядзенне беларускамоўных урокаў – гэта пакуль мізер з таго, што магла б зрабіць дзяржава. Аднак жа раней і гэтага не было. Адбывалася супрацьстаянне беларусаў і нашага чынавенства, якое баялася мовы бы агню. Таму скажу так: зрухі радуюць, але эйфарыі з гэтай нагоды быць не павінна.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

 фота аўтара