Радзім Гарэцкі: Масква расставіла сцяжкі…
Акадэмік Радзім Гарэцкі нагадвае пра небяспеку, якая ідзе з Крамля.
На фоне пратэстаў у Беларусі Масква працягвае выбудоўваць свае імперскія планы на інкарпарацыю суседняй краіны і гэта, як мяркуюць многія аналітыкі, далёка не фантазіі.
Радзім Гарэцкі: Як мне падаецца, улады Беларусі могуць прыйсці да таго, каб аддаць краіну Расеі. Больш за дваццаць пяць гадоў ідуць да гэтага.
Сёння мы бачым, як улады абражаюць бел-чырвона-белы сцяг, называюць яго фашысцкім. А што ж прапагандысты забываюць казаць, што менавіта гэтым сцягам Лукашэнка прысягаў на Канстытуцыі, калі ў 1994 годзе быў абраны прэзідэнтам? Таму, калі ў чалавека ёсць сумленне, то хаця б з-за гэтага факта трэба больш паважліва ставіцца да гэтага сцяга, і да тагачаснай Канстытуцыі.
А пра незалежнасць кіраўнік Беларусі ўспомніў, калі яшчэ перад выбарамі Крэмль паставіў перад фактам – за даўгі трэба плаціць. І кошт велізарны – суверэнітэт краіны.
РР: Які сёння рызыкі вы бачыце для Беларусі?
Радзім Гарэцкі: Адназначна, што Масква расставіла сцяжкі і пакідае для Лукашэнкі толькі адзін калідор – інтэграванне ў склад Расеі. Як бачым, пра шматвектарную палітыку ніхто ўжо не ўспамінае.
Таму, калі супраць улады ўзняўся практычна ўвесь народ, шляхоў да адступлення ў яе засталося не так і шмат.
У бліжэйшы час у Маскве сустрэнуцца Пуцін і Лукашэнка і, мяркую, магчыма там і пойдзе размова пра перспектывы нашай краіны. І яны мяне не вельмі радуюць, хаця я спадзяюся, што беларускі народ абароніць сваю незалежнасць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя