Рафал Дзенцялоўскі: На межах Украіны вырашаецца геапалітычная будучыня Еўропы



Госць Рацыі – Рафал Дзенцялоўскі – старшыня Фонду міжнароднай салідарнасці ў Варшаве.

РР: Ці стала расейскае нашэсце на Украіну ў такім татальным маштабе для вас неспадзяванкай? Вы шмат гадоў займаліся Усходам і Украінай таксама.

Рафал Дзенцялоўскі: Усе палітычныя аналітыкі схіляліся да таго, што гэта будзе “гульня мускуламі” і застрашэнне Украіны і Захаду, а не рэальны план, які будзе прыведзены ў дзеянне. Усім здавалася, што Пуцін такое рашэнне не прыме. Мы памыляліся. І ў гэтым сэнсе – гэта для нас нечаканасць. Бо мы спадзяваліся на рацыянальнасць з боку Пуціна. Зараз мы бачым яго безагляднасць у жаданні адбудаваць імперыю.

РР: Ці магла Украіна пазбегнуць вайны, выканаць патрабаванні Расеі? Дарэчы, гэтыя патрабаванні былі не толькі да Украіны, але і да NATO. Ці можна было выканаць гэтыя патрабаванні?

Рафал Дзенцялоўскі: Украіна абсалютна не магла, бо яна мусіла б пагадзіцца на тое, каб змаганне за заходні, еўрапейскі кірунак развіцця краіны і выбудоўвання еўрапейскай тоеснасці ўкраінцаў, было б перакрэслена адным актам, каб дабравольна дазволіць накінуць сабе расейскі ланцуг на шыю. І гэтага ўкраінцы дазволіць не маглі. Калі казаць пра Захад, то Захад таксама не мог пагадзіцца на пастулаты Пуціна, бо тады б мусілі прызнаць, што ЗША выпадаюць б з восі адзінага гегемона ў свеце. А Захад мусіў бы прызнаць, што прайграе ў вайне з Расеяй.

РР: Расейскія войскі наступаюць на сталіцу Украіны, палітолагі разважаюць, якая ў рэшце рэшт мэта Пуціна – заваяваць Украіну і далучыць яе да Расеі, запісацца ў гісторыю як чарговы расейскі цар, ці толькі памяняць уладу і прывесці свайго прэзідэнта ў Кіеў?

Рафал Дзенцялоўскі: Магчымы і адзін, і другі варыянт, якія пацвердзяць дамінаванне Расеі на гэтай тэрыторыі. Гэта так, як з Лукашэнкам. Лукашэнка зараз папросту марыянетка Пуціна ў Беларусі. І тое самае было б у Кіеве, калі б Расея выйграла. Гэта проста вялікарускае панславісцкае “збіранне зямель рускіх”.  І  гэта была б нейкая аўтаномія з марыянеткавым урадам  ці частка Расеі. З перспектывы палітычнай для Расеі выгодней мець марыянеткавага Лукашэнку ці чарговага Януковіча ў Кіеве, чым несці адказнасць за гэтую краіну. Можна беспакарана правакаваць NATO, можна тэставаць заходнія сістэмы, тэарэтычна не несучы за гэта адказнасць. Лукашэнка ўжо марыянетка Пуціна, і тое самае Пуцін імкнецца зрабіць у Кіеве, але тут ёсць пэўная надзея для нас, што гэта можа ў яго і не атрымацца.

РР: Прэзідэнт Лех Качыньскі сказаў некалі: “Сёння Грузія, заўтра Украіна, а затым можа і мая краіна”. Ці Польшча таксама можа апынуцца пад пагрозай?

Рафал Дзенцялоўскі:  Думаю, што так. Рэакцыя Захаду, якая знешне салідарная, а практычна малаэфектыўная, мала ўзгодненая на тым этапе, калі адбываецца бамбардзіроўка Кіева і яго цывільнага насельніцтва, а Захад стрымлівае санкцыі. Макрон  з Пуціным дамаўляецца на нейкія далейшыя размовы, на вядзенне перамоваў з забойцам. Тут першым прайграўшым з’яўляецца Захад. І ў сувязі з гэтым Захад паказаў слабасць. Я думаю, што вельмі праўдападобна, што калі Украіна не выстаіць, то наступнымі ў чарзе будуць ужо краіны NATO, і не бачу прычыны для таго, каб Пуцін спыніўся. Зараз на межах Украіны, на Данбасе, пад Харкавам, пад Кіевам, у Крыме, пад Херсонам вырашаецца геапалітычная будучыня Еўропы.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя

fot. Igor Smirnow/Gazeta Polska