Ракіроўка ў наменклатурнай тусоўцы



У апошнія выходныя 2014 года Аляксандр Лукашэнка развітаўся з урадам Міхаіла Мясніковіча. На іншыя працоўныя месцы былі пераведзеныя каля 2 дзясяткаў высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку старшыня Нацбанку Надзея Ермакова і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. Грамадскі дзеяч Юрый Варонежцаў падкрэслівае, што ў ратацыі чыноўнікаў няма ніякай інтрыгі, але звяртае ўвагу на ігнараванне нормаў Канстытуцыі.

– Міхаіла Мясніковіча прэзідэнт узгадніў паводле вызначанага парадку на пасаду старшыні Савета Рэспублікі. Хоць бы слова „выбары” для прыстойнасці ўжылі. Ну як гэта, уявіце сабе, прэзідэнт узгадняе для прызначэння ў вызначаным парадку старшыню Верхняй палаты парламенту. Уявіце, што ў Злучаных Штатах прэзідэнт узгадняе кіраўніка Сената. Калі ты такое недзе скажаш, то цябе адразу ў вар’ятню забяруць.

Паводле эксперта ўстановы „Стратэгічная думка” Аляксея Харкевіча, адстаўка каманды Міхаіла Мясніковіча абумоўленая выключна палітычнымі прычынамі.

– Мясніковіч – гэта асоба неардынарная і вядомая. Яна вядомая яшчэ з далукашэнкаўскіх часоў. Гэта вельмі сур’ёзны фактар. Кабякоў – гэта чалавек, які прыйшоў ва ўладу за часамі Лукашэнкі. З гэтай пазіцыі я трактую змены толькі як ракіроўку менш надзейнага чалавека на больш надзейнага.

Новым прэм’ер-міністрам прызначаны былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў. Кіраваць Нацбанкам будзе старшыня назіральнага савета банка „БелВЭБ” Павел Калаур.

Беларускае Радыё Рацыя