Раман Бяссмертны: Расея інструктавала ДНР і ЛНР



Напярэдадні сустрэч трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Расея інструктаваў так званыя ДНР і ЛНР. Пра гэта заявіў 7 верасня ў эфіры праграмы „Вялікае інтэрв’ю” з Яўгенам Кісялёвым (тэлеканал NewsOne, Кіеў) былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны, які таксама быў прадстаўніком Украіны ў палітычнай падгрупе трохбаковай кантактнай групы.

„Падчас перамоваў Расея пастаянна настойвала, каб пасля Украіны гаварылі прадстаўнікі ДНР, ЛНР. Таму нам тры разы запар даводзілася выслухоўваць адно і тое ж. Калі я ў чарговы раз заклікаў іх узгадняць тэкст, яны пачалі па частках агучваць адзін і той жа тэкст. Часам гэта было не ў дыпламатычным фармаце, так званая сабачая лаянка… ” — расказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, аднойчы прадстаўнікі ўкраінскага боку ў палітычнай падгрупе спазніліся на сустрэчу. „Калі мы зайшлі ў пакой, то пачулі, што там адбываўся інструктаж: Грызлоў (Барыс Грызлоў, прадстаўнік Расеі ў кантактнай групе.) і прадстаўнікі Расейскай Федэрацыі ў палітычнай падгрупе інструктавалі прадстаўнікоў Данецка і Луганска, што трэба расказваць украінцам. Гэта быў факт пацвярджэння таго, што казалі паводле сцэнарыя”, — зазначыў Бяссмертны.

Ён нагадаў, што „менскія перамовы стартавалі практычна два гады таму, рашэнне аб такім фармаце было прынятае „нармандскай чацвёркай” (Украіна, Расея, Германія і Францыя). Бяссмертны таксама нагадаў, што падчас першага пасяджэння кантактнай групы бакі дамовіліся пра падпісанне мемарандума і гатоўнасць працаваць над дакументам.

„Тады бакі перамоваў заявілі, што гатовыя працаваць над гэтым тэкстам, які, між іншым, абмяркоўваў Савет бяспекі ААН”, — сказаў дыпламат. Пад мемарандумам тады падпісаліся прадстаўнік Украіны Леанід Кучма, прадстаўнік Расеі Міхаіл Зурабаў і „нейкія грамадзяне Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі”. „Аднак гэтыя подпісы з юрыдычнага пункту гледжання не даюць ніякай легітымнасці гэтаму дакументу. Ніякія ДНР і ЛНР у дакументах не фігуруюць”, — падкрэсліў Бяссмертны, дадаўшы, што трохбаковая кантактная група — гэта Украіна, Расея і АБСЕ ў якасці пасрэдніка.

„Літаральна праз дзве сустрэчы я зразумеў, што ўсюды адно і тое ж, усе разглядаюць адны і тыя ж праблемы, хоць заданне „нармандскай чацвёркі” — паставіць мэту, міністраў у гэтым жа фармаце — сфармаваць задачу, а заданне кантактнай групы — прыняць рашэнне і знайсці адказы на гэтыя задачы. Ну і падгрупы — гэта лабараторыі ідэй”, — сказаў Бяссмертны.

У той жа час ён назваў мінскі працэс па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне „балансаваннем на мяжы”. „Менавіта ад гэтага працэсу залежыць, ці будзе выкананае заданне па недапушчэнні Трэцяй сусветнай вайны”, — заявіў украінскі дыпламат.

Як раней паведамляў БелаПАН, чарговы раўнд перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны прайшоў у Мінску 7 верасня. Па выніках пасяджэння трохбаковай кантактнай групы спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік паведаміў, што па пытанні развядзення сіл і сродкаў ад лініі сутыкнення на Данбасе дамоўленасці пакуль няма.

Сайдзік таксама паведаміў, што 8—10 верасня наведае Маскву, дзе абмяркуе з міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым і прадстаўніком РФ у кантактнай групе Барысам Грызловым вынікі мінскага працэсу. „Хацелася б пачуць, якімі бачацца перспектывы (ва ўрэгуляванні сітуацыі) з расейскага боку, як ён бачыць будучыню нашай працы, будучыню маёй уласнай працы”, — сказаў Сайдзік.

Наступная сустрэча кантактнай групы ў Мінску запланаваная на 21 верасня.

belapan.by