Раман Бязсмертны: на мяжы Беларусі і Расеі можа пачацца канфлікт
На мяжы Беларусі і Расеі можа распачацца канфлікт. Так, прынамсі, мяркуе дыпламат Раман Бязсмертны.
Пра магчымасць памежнага канфлікту паміж Расейскай Федэрацыяй і Беларуссю Раман Бязсмертны заявіў у тэлевізійным эфіры «24 канала». На думку ўкраінскага высокапасадоўца, крамлёўскаму кіраўніцтву трэба справакаваць як мага больш канфліктаў, каб мець магчымасць сесці за адзін стол з амерыканскім і еўрапейскімі лідарамі і такім чынам заявіць пра Расею як удзельніка геапалітычнага працэсу. Прытым і сірыйскай вайна, і вайна ва Украіне, паводле Рамана Бязсмертнага — не апошнія месцы канфліктаў, якія можа арганізаваць Пуцін.
Украінскі дыпламат заявіў літаральна наступнае: «Мяне больш за ўсё хвалюе, што па хуткім часе можа распачацца канфлікт на мяжы Беларусі і Расеі». «Сітуацыя там складаная», — падкрэсліў Раман Бязсмертны.
З 2010 па 2011 год Раман Бязсмертны быў Надзвычаным і Паўнамоцным паслом Украіны ў Беларусі. Падчас гэтай дыпламатычнай місіі Бязсмертны неаднаразова выказваў салідарнасць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Відэа: «24 канал», Украіна