Раман Кабачый: Сітуацыя ў Беларусі знаёмая далёка не ўсім украінцам
Кіеўскі гісторык і журналіст Раман Кабачый (Роман Кабачій), які знаходзіцца з сям’ёй на поўдзень ад Кіева, пракаментаваў у нашым эфіры закіды ў бок беларусаў у датычнасці да расейскай вайсковай агрэсіі ва Украіне.
Ён кажа, што сам добра ведае беларускія рэаліі і тое, што беларусы самі жывуць у стане няспынных рэпрэсій, але гэта разумеюць і ведаюць далёка ня ўсе.
РР: Якая абстаноўка там, дзе вы зараз знаходзіцеся?
Раман Кабачый: Я знаходжуся з сямёй на поўдзень ад Кіева. У нас пакуль тут не было баёў, але людзі рыхтуюцца. Тэрытарыяльная абарона, блокпасты, збор харчовых прадуктаў для тэрытарыяльнай абароны ды іншае.
РР: Ці змянілася стаўленне да беларусаў увогуле, паколькі Беларусь стала плацдармам для расейскай агрэсіі?
Раман Кабачый: Тут трэба вельмі моцна раздзяляць. У мяне вельмі шмат сяброў-беларусаў, я выдатна разумею беларускую мову, дапамагаў арганізоўваць прыезды беларускіх журналітсаў ва Украіну на стажыроўкі. Таму я ведаю сітуацыю ў Беларусі нашмат лепш, чым большасць украінцаў. І я разумею, што рэжым у Менску настолькі прыгнятае, пачынаючы з 2020 года, нацыю, што немагчыма гаварыць пра нейкія дыверсіі ці нейкія дзеянні супраць расейскіх войскаў. Найяскравейшы прыклад, калі наш паэт Аляксандр Ірванец, які мае шмат сяброў – паэтаў і пісьменнікаў у Беларусі, напісаў верш, седзячы ў Ірпені, і верш заканчваецца словамі, што ён ніколі не даруе Расеі, і пытае Беларусь – чаму яна адводзіць вочы? Калі ўжо Ірванец даволі рэзка выказваецца, то я разумею, што вельмі шмат украінцаў маюць падобныя думкі.
РР: Як на Вашую думку будзе далей развівацца сітуацыя, і ці дапусціць Лукашэнка, каб беларускія вайскоўцы перакрочылі мяжу з Украінай?
Раман Кабачый: Я думаю, што ён на гэтае не пойдзе. Я ведаю, колькі зараз беларусаў знаходзіцца ў засценках, колькі даведзена да смерці,але расстрэльваць з гармат і бамбардаваць гарады, да гэтага ён не дойдзе. І не пойдуць, перадусім, вашыя вайскоўцы.
Дзень 24 лютага стаў чорным днём беларускай гісторыі і гэта вельмі дрэнна – кажа Раман Кабачый. Менавіта раніцай 24 лютага Расея распачала сваю ваенную агрэсію супраць Украіны.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com