Раман Кавальчук: „БХД” – адзіная палітычная партыя, якая пасля 2020 году здолела аднавіць свае структуры
Беларускае грамадства жадае бачыць аб´яднаныя палітычныя сілы для эфектыўнай барацьбы з бесчалавечным рэжымам Лукашэнкі. Разрозненыя дэмакратычныя сілы ў цяперашняй сітуацыі сеюць безнадзейнасць у дасягненні лепшай будучыні ў свядомасці сваіх грамадзян.
Таму працэс аб´яднання вельмі важны, кажа Раман Кавальчук – міжнародны сакратар партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі:
РР: Вы былі ў партыі БНФ Пазняка?
– Я быў сябрам БНФ «Адраджэнне», потым я быў сябрам Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, калі яшчэ жыў у Беларусі. Ужо ў эміграцыі я быў старшынёй «Маладога Адраджэння» – гэта моладзевая арганізацыя прыхільнікаў кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Быў ім доўгі час, практычна 10 гадоў кіраваў гэтай арганізацыяй.
РР: Чаму цяпер здрадзілі, і ўступілі ў новую арганізацыю?
– Я не здраджваў. Практычна Зянон Станіслававіч Пазняк стварыў Рух «Вольная Беларусь». Магчыма з гэтага атрымаецца аднаўленне «Народнага Фронту». На сённяшні дзень лічу, што на гэтым шляху ёсць перашкоды. Для мяне «БХД» не новая арганізацыя. Мае паплечнікі па «Маладым Фронце», у першую чаргу старшыня БХД Павел Севярынец, які быў старшынёй «Маладога Фронту», некаторыя іншыя дзеячы якія стваралі «БХД», яны стваралі і «Малады Фронт». Мы працавалі разам, і Павел Севярынец у маіх вачах – гэта заснавальнік сучаснай ідэалогіі «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі». На сённяшні дзень гэта адзіная на мой погляд палітычная партыя, якая ва ўмовах масавай эміграцыі пасля пратэстаў 2020 году здолела аднавіць свае структуры, як і стварыць свае новыя структуры ў суседніх краінах – гэта ў першую чаргу Польшча і Летува. Гэта зроблена з мэтай захаваць сувязь з тымі актывістамі, якія знаходзяцца ў Беларусі ў падпольных умовах, гэта вельмі істотна. Адзіная партыя, якая адпавядае маім асабістым і палітычным перакананням.
Цалкам размова:
Паводле Рамана Кавальчука, добра, што працэс збліжэння пачаўся з лёгкай рукі партыі БХД. Нядаўна падпісалі дамову аб супрацоўніцтве партыя БХД і Народная Грамада Мікалая Статкевіча.
Беларускае Радыё Рацыя