Лінкявічус: Думаю, у такім жа духу і працягнем дыялог (абноўлена)
„Вызваленне Алеся Бяляцкага – гэта важны станоўчы крок, які мы вітаем. Але гэтага, вядома, недастаткова”, – заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус па выніках свайго двухдзённага рабочага візіту ў Беларусь. Падчас візіту з беларускімі ўладамі было абмеркавана ў тым ліку і пытанне палітычных вязняў, – адзначыў кіраўнік літоўскай дыпламатыі:
– Не з’яўляецца вялікім сакрэтам, што ёсць рознасьць ацэнак і поглядаў на шматлікія рэчы, ёсць такія праблемы, якія доўгі час не вырашаюцца, але ёсць некаторыя моманты пазітыўныя. Але не вырашаная праблема з палітвязнямі, мы заўсёды падымаем гэтае пытанне – вызваленне Алеся Бяляцкага, мы лічым, што гэта пазітыўны крок. Вельмі высока цэнім, што ёсць паслядоўная пазіцыя з нагоды анексіі Паўднёвай Асеціі, Абхазіі, Крыма.
Як паведаміў Лінкявічус, пытанне аб вызваленні беларускіх палітвязняў ўздымалася на яго сустрэчах з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. „Трэба яшчэ некалькі крокаў зрабіць, каб зняць важную перашкоду дыялогу і таму, каб маглі выкарыстоўваць адносіны для дабра, для эканамічных, культурных і іншых сувязяў”, – сказаў літоўскі міністр.
Кіраўнік літоўскага знешнепалітычнага ведамства правёў сустрэчы са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем і прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, а таксама сустрэўся з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
Лінас Лінкявічус адзначыў, што задаволены шчырасцю дыялогу на ўсіх узроўнях, як з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, так і з няўрадавымі структурамі:
– З дзяржаўнымі прадстаўнікамі абмяркоўваліся двухбаковыя адносіны – эканамічныя, культурныя, палітычныя адносіны паміж нашымі краінамі, тым ліку дыялог Еўразвязу з Беларуссю, бо там таксама ёсць свае праблемы, як вырашаныя, так і не вырашаныя. Усё гэта абмяркоўвалася. Таксама спадзяванні і надзеі – пытанні правоў чалавека, правоў няўрадавых арганізацый, магчымасць выяўляць свае палітычныя погляды – такія тэмы падчас нашых сустрэчаў.
Па словах Лінкявічуса, у ходзе сустрэч не абыходзілі і вострыя праблемы, „пачынаючы ад палітвязняў і заканчваючы эканамічнымі пытаннямі”.
„Гутарка праходзіла ў канструктыўным духу. Думаю, у такім жа духу і працягнем дыялог”, – адзначыў ён.
Сем’і беларускіх палітвязняў і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці сустрэліся з міністрам замежных спраў Літвы. Сустрэча адбылася ў межах двухдзённага візіту Лінаса Лінкявічуса ў Менск.
Адзін з удзельнікаў сустрэчы, былы палітвязень Алесь Бяляцкі адзначыў, што перадусім у час сустрэчы прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці выказвалі свае засцярогі наконт магчымага аднаўлення паўнавартаснага дыялогу ЕЗ з афіцыйным Менскам. Асновай для размоваў па-ранейшаму павінна быць вызваленне палітвязняў, адзначыў старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна”:
– Мы будзем спадзявацца, што гэта працэс, а не аднаразовы выпадак, які пачаўся з вызвалення мяне, што ён будзе працягнуты – палітычныя зняволеныя будуць вызвалены ў выніку гэтых кансультацый паміж літоўскім міністрам і беларускімі чыноўнікамі. Ён каротка сказаў, што быў абмен думкамі, што размова з беларускмі ўладамі была шчырая і дастаткова рэзкая.
Кіраўнік літоўскай дыпламатыі сустрэўся ў Менску з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем і прадстаўніком беларускага ўраду. Паводле афіцыйных паведамленняў, перамовы датычылі дачыненняў Беларусі з Літвою і Еўразвязам.
* * *
Сустрэча з апазіцыяй, пазней з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, а таксама з сем’ямі палітвязняў чакае яшчэ сёння кіраўніка літоўскай дыпламатыі Лінаса Лінкявічуса, які знаходзіцца з двухдзённым візітам у Менску.
Па словах Марыны Адамовіч, спадзяванняў на хутчэйшае вызваленне яе мужа, былога кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча, у яе няма. Аднак важным ёсць факт, што еўрапейскія дыпламаты не пакідаюць тэмы палітзняволеных у Беларусі:
– Апошнія 2 гады назіраю рухі з боку еўрапейцаў дзеля таго, каб наладзіць дачыненні з беларускім рэжымам. І ўсё ж яны да сённяшняга дня прытрымліваліся прынцыпу выканання нейкіх патрабаванняў. Думаю, што вельмі карысны персанальны кантакт.
24 ліпеня літоўскі міністр замежных спраў сустракаўся з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам. Між тым, у дыпламатычных колах не выключаюць, што кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Літвы сёння можа прыняць Аляксандр Лукашэнка.
* * *
Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 24 ліпеня вечарам прыяжджае ў Менск. Чакаецца, што 25 ліпеня ён сустрэнецца з Уладзімірам Макеем.
Запланавана таксама сустрэча ва ўрадзе. А міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі не выключае, што адбудзецца і сустрэча літоўскага дыпламата з Аляксандрам Лукашэнкам:
– Цікава, што зранку першая сустрэча а палове дзясятай з апазіцыяй, а потым з Макеем, з урадам. А потым, па пэўных звестках, неафіцыйных, чакаецца, што можа і Лукашэнка яго прыме. Гэта рэанімацыя дыялогу. Будуць і двухбаковыя адносіны абмяркоўваць – ёсць два цяжкіх пытанні – гэта Астравецкая атамная станцыя, а таксама замарозка малога памежнага руху, як з Польшчай.
Падчас візіту кіраўнік МЗС Літвы таксама плануе сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і сваякамі палітвязняў.
Валянціна Лаеўская, Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Відэа: belapan.com