Раман Якаўлеўскі: Улада не любіць „Белсат”



Еўрачыноўнікі сталі аддаваць перавагу кулуарным, з прысмакам цынізму, адносінам з апалагетамі беларускага рэжыму і яго фэйкавымі недзяржаўнымі арганізацыямі. Даволі востры артыкул палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага з’явіўся ў беларускім выданні “Новы час”. З ім пагутарыў наш карэспантэнт Зміцер Косцін.

434fe943fe7edf88af6cd2e932259cb3537f6dca5e4a29a814pimgpsh_fullsize_distr

 

РР: Спадар Раман, перадусім з чым звязаныя такія вострыя словы?

Раман Якаўлеўскі: Звязаны з тым, што адбываецца, што мы бачым. І адбываецца ўжо даволі працяглы час. Я маю на ўвазе так званы, напрыклад, менскі дыялог. Гэта такі фармат макееўскай пляцоўкі, калі ў Менску збіраюць шэраг экспертаў, аналітыкаў з розных краін, але ж, наколькі мне вядома, гэты спіс вельмі рэгулюецца Міністэрствам замежных спраў. І рэгулярна на гэтай менскай пляцоўцы выступаюць, я нагадаю, – першае такое пасяджэнне сам Макей адкрываў, а потым яго намеснікі. То бок гэта для Менску такі ўзровень, які сведчыць пра пэўныю зацікаленасць афіцыйнага Менску распаўсюджваць свой пункт гледжання на тое, што адбываецца, я маю на ўвазе так званую, па іншаму казаць не магу, палітыку нейтралітэту Менску. Гэта ў дачыненні не толькі Украіны, а таксама іншых пытанняў. Што на самой справе ў рэчаістнасці няма, маю на ўвазе, нейтралітэт. Таму я вырашыў такі артыкул напісаць, як кажуць, набалела. Бо мы бачым, што Брюсель, а таксама шэраг іншых еўрасталіц, уважліва слухаюць і ідуць фактычна, на мой погляд, на непрымальны кампраміс з рэжымам Лукашэнкі. Чаму непрымальны, таму што ўсё, што тычыцца пазіцыі самога Менску наконт еўрапейскіх базавых каштоўнасцяў,  я маю на ўвазе правы чалавека, дэмакратычныя выбары, незалежныя медыі, – усё застаецца як і было.

РР: А пры гэтым еўрачыноўнікі ледзь як ні на працу ездзяць у Менск.

Раман Якаўлеўскі: Яны сабе птушкі ставяць. Цяжка каментаваць іхнія паводзіны, але ж выглядае ўсё так, як яны кажуць, што гэта славуты прагматызм, або рэалпалітык. А насамрэч – гэта звычайны цынізм.

РР: Гэты рэалпалітык прыводзіць да таго, што ў прынцыпе Менск можа заяўляць пра тое, што ягоная пазіцыя застаецца нязменнай, а Еўропа змяняецца.

Раман Якаўлеўскі: А я нагадаю, хто гэта казаў. На адным з пасяджэнняў гэтага менскага дыялогу казаў намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў. Так вось проста і выказаў, што гэта не мы змяняемся, а гэта Захад. А мы былі і застаемся такімі са сваёй нягнуткай палітыкай.

РР: Вельмі часта еўрапейскія чыноўнікі, наведваючы Беларусь, у праграме візіту маюць сустрэчы з прадстаўнікамі недзяржаўных, незалежных беларускіх арганізацый і прадстаўнікоў апазіцыі. І па выніках такіх сустрэчаў, размаўляючы з прадстаўнікамі апазіцыі, вельмі часта гучаць словы пра тое, што, маўляў, ну вось, мы прадставілі сваю пазіцыю, мы не згаджаемся з гэтым, гэтым, гэтым. Але ў прынцыпе крытыка ў адносінах да гэтага сённяшняга збліжэння і гэтага прагматычнага, як вы кажаце, дыялогу вельмі рэдка гучыць. Чаму так?

Раман Якаўлеўскі: Я магу казаць тое, што ведаю. Апошнім часам на гэтых сустрэчах, я маю на ўвазе недзяржаўны бок, можна пачуць, як сведчаць некаторыя ўдзельнікі гэтых сустрэч, прамыя выпады ў адрас апазіцыі, у адрас шэрагу незалежных экспертаў, што яны нібыта сваёй нягнуткай, жорсткай пазіцыяй да палітыкі Лукашэнкі замінаюць Бруселю праводзіць такую гібкую, прагматычную, я бы так сказаў цынічную палітыку ў адносінах паміж Бруселем і Менскам. Такія ў іх спадзяванні, як можна зрабіць некаторыя высновы, яны спадзяюцца, што Лукашэнка дыстанцуецца ад Крамля, ад Пуціна, і нібыта апынецца ў Еўропе, а я бы дадаў, са сваім разуменнем каштоўнасцяў.

РР: Сапраўды, вы так згадалі пра тое, што Брусель даволі актыўна ўключыўся ў зносіны з афіцыйным Менска, і некаторыя еўрапейскія сталіцы, тут напэўна Варшаву можна назваць такім лідарам. Напярэдадні ў адным з польскіх выданняў “Nasz Dziennik”, які аглядальнікі лічаць блізкім да партыі “Закон і справядлівасць”, з’явіўся артыкул, паводле якога ўлады ў Менску гатовыя дапусціць польскі канал „TVP 1” або „TVP Polonia” ўзамен за абмежаванне трансляцыі “Белсата”. Як думаеце, чаму гэтая інфармацыя з’явілася? Ці сапраўды пра гэта рэальна размаўляецца, і ці сапраўды польскія ўлады на гэта могуць пайсці?

Раман Якаўлеўскі: Мне так падаецца, што няма адзінай пазіцыі і з самой кіруючай партыі ў Польшчы наконт адносін з лукашэнкаўскім рэжымам. На мой погляд, як раз гэты артыкул і сведчыць пра тое. Я тут толькі нагадаў бы, што калі гавораць пра нейкі тэлевізійны польскі канал, які могуць пусціць у беларускія сеткі, то варта згадаць, што дасюль няма ўкраінскіх каналаў, хаця там абяцанкі былі на прэзідэнцкім узроўні. Але ж няма ўкраінскіх каналаў. І я так думаю, што гэтыя гутаркі, наконт таго, што замест „Белсата” можа быць іншы канал польскага тэлебачання, нагадаю, што „Белсат” – гэта ўсё ж структура польскага тэлебачання, гэта такія манеўры, і я бы так сказаў, не выключаю, што і інтрыгі. Але гэта і сведчыць пра тое, што беларуская ўлада не любіць „Белсат” і бачыць у гэтым канале крыніцу распаўсюду праўдзівай, аб’ектыўнай інфармацыі. Я не хачу казаць, што іншыя польскія каналы такой аб’ектыўнасцю не валодаюць. Гэта пакуль гульні, бо ніякага рашэння няма. Я яшчэ раз нагадаю, на прэзідэнцкім узроўні ў свой час Лукашэнка паабяцаў Парашэнку, а гэта было ў канцы 2014 года, пра ўкраінскі канал. Тое ж самае, хутчэй за ўсё, будзе і тут. Але з’яўленне гэтага артыкула, на мой погляд, можа сведчыць і пра тое, што ёсць спрэчкі і ў самой Варшаве.

РР: Зрэшты не сакрэтам з’яўляецца тое, што пытанне закрыцця незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія вяшчаюць з Польшчы, з беларускага боку ў кулуарных размовах гучыць ужо не першы год.

Раман Якаўлеўскі: Безумоўна. І я б тут нагадаў наконт пазіцыі Варшавы. Наколькі я ведаю, на наступным тыдні з візітам у Менску чакаецца маршалак Сената. Вось такі ўзровень і ў парламенцкім вымярэнні. Гэта будзе сведчыць пра наступны крок Варшавы ў цяперашнім дыялогу з лукашэнкаўскім рэжымам. Ці будзе гэта на карысць? Як бы яны не паблыталі надзеі з ілюзіямі.

РР: Тут варта, напэўна, прыняць вопыт Расеі, якая столькі абяцанняў чула з боку Аляксандра Лукашэнкі за 22 гады і не ўсё атрымала.

Раман Якаўлеўскі: Так. Але ж, што тычыцца двухбаковых адносін Беларусі і Польшчы, я б хацеў адзначыць і станоўчую з’яву: я маю на ўвазе нядаўні візіт мілітарнай дэлегацыі беларускіх ваенных у Варшаву, дзе было падпісана пагадненне пра супрацоўніцтва ў ваеннай галіне. Я лічу гэта вельмі важкім і станоўчым. Няхай гавораць. Менавіта ваенныя. Гэта станоўчая з’ява. І калі з’явяцца ў польскіх навучальных ваенных установах беларускія ваенныя, я лічу гэта добра. Так што не ўсё так дрэнна ў двухбаковых адносінах. Але ж так бы мовіць генеральная лінія, мы бачым, не зусім задавальняе, я маю на ўвазе апанентаў Лукашэнкі ў Менску, а таксама і апанентаў такой палітыкі і ў самой Варшаве. Зноў-такі аб чым сведчыць артыкул у “Nasz Dziennik”.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя