Раман Якаўлеўскі: Вайсковая база дэстабілізуе сітуацыю ў рэгіёне



Беларускае міністэрства замежных спраў адрэагавала на перамовы Польшчы і ЗША ў справе размяшчэння амерыканскай вайсковай базы ў суседняй краіне. Па словах прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, Беларусь сочыць за сітуацыяй і ў залежнасці ад яе развіцця будзе вымушаная „пэўным чынам адаптаваць свае падыходы”.

Як мяркуе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, калі Расея размясціць у адказ сваю вайсковую базу ў Беларусі – гэта стане яшчэ адным доказам надуманасці так званага “беларускага нейтралітэту”:

– Робяцца першыя крокі, але рашэння пра размяшчэнне амерыканскай базы ў Польшчы яшчэ няма. Называецца лічба – 2 мільярды. Вынікі могуць быць самыя зразумелыя, вось мы не хацелі, але ў сувязі са з’яўленнем амерыканскага вайсковага аб’екта ў суседняй Польшчы, мы вымушаныя даць дазвол, як асімітрычны адказ, на размяшчэнне ў Беларусі расейскай вайсковай базы.

Раман Якаўлеўскі выказаў упэўненасць, што вайсковая база ЗША дэстабілізуе сітуацыю ў рэгіёне і цалкам верагодна прывядзе да кроку ў адказ з боку Расеі:

– У Маскве было сказана, што Расея не плануе ўзмацнення інфраструктуры на сваёй мяжы. Вось хацелася б даведацца, пра якія межы ідзе размова, бо польска-беларуская мяжа – гэта мяжа так званай Саюзнай дзяржавы. Нас запэўніваюць, што пасля сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам у Сочы была ўзмоцнена тэма, звязаная з тэмай так званай Саюзнай дзяржавы. Вось у такой сітуацыі апынуліся, і гэта, безумоўна, павысіць напружанасць у рэгіёне.

Падчас сустрэчы з амерыканскім прэзідэнтам Дональдам Трампам на мінулым тыдні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда афіцыйна прапанаваў размясціць на польскай тэрыторыі, на сталай аснове, вайсковую базу ЗША, узяўшы на сябе выдаткі на суму каля двух мільярдаў даляраў.

Кіраўнікі дзяржаў падпісалі сумесную дэкларацыю аб стратэгічным супрацоўніцтве, у якой гаворыцца, што краіны абавязваюцца “разглядаць варыянты ўмацавання ваеннай ролі Злучаных Штатаў у Польшчы”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя